Ліпковіч спаліў кнігі Чаргінца

19 сакавіка блогер-прыкаліст адзначыў Дзень абароны маладой беларускай маральнасці.

19.03.2011 / 16:41

19 сакавіка ў Севастопальскім скверы сталіцы прайшло святкаванне Дня абароны маладой беларускай маральнасці. Удзельнікі літаратурна-мастацкай акцыі прынеслі з сабой кнігі Мікалая Чаргінца, з якіх распалілі вогнішча.

Дзень абароны маладой беларускай маральнасці святкуецца ў другі раз, адзначае арганізатар акцыі вядомы беларускі блогер Яўген Ліпковіч.

«Маладая беларуская маральнасць мае патрэбу ў абароне, падобныя мерапрыемствы наогул павінны стаць штодзённымі. Вось калі ўстаў раніцай, выявіў дзе-небудзь кнігі Чаргінца, Рубінава, тэлевізар з беларускім каналам… Не пабіў тэлевізар, не спаліў Чаргінца — дзень пражыты дарэмна, маральнасць пацярпела «, — лічыць Ліпковіч.

Нагадаем, летась Беларускі грамадскі савет па маральнасці, які ўзначальвае Мікалай Чаргінец, запатрабаваў ад арганізатараў канцэрту Rammstein у Мінску зрабіць папярэдні прагляд праграмы выступу групы. У радзе палічылі, што музыкі будуць «руйнаваць беларускую дзяржаўнасць».