Пуцін выказаўся па Лівіі і атрымаў ордэн царквы Сербіі

24.03.2011 / 13:07

Падчас візіту ў Сербію прэм’ер Расіі Уладзімір Пуцін зноў выказаў незадаволенасць аперацыяй НАТО на поўначы Афрыкі, адзначыўшы, што яго «турбуе тая лёгкасць, з якой у апошнія гады прымаюцца рашэнні аб ужыванні сілы ў міжнародных справах».

Звольнены Мядзведзевым, паводле некаторых дадзеных, за «неадэкватнае прадстаўленне інтарэсаў» сваёй краіны пасол Расіі ў Лівіі Уладзімір Чамаў падтрымаў прэм’ера і сказаў, што «следам за Лівіяй прыйдзе чарга Сірыі, а затым і іншых дзяржаваў Азіі». Пра гэта ён па вяртанні ў Расію расказаў у інтэрв’ю «Московскому комсомольцу».

У пачатку тыдня прэм’ер Пуцін нечакана зрабіў заяву, у якой параўнаў рэзалюцыю Рады бяспекі ААН па Лівіі з заклікам да «крыжовага паходу». Гэтыя словы прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў назваў недапушчальнымі, а на наступны дзень прэс-служба ўрада запэўніла, што Уладзімір Пуцін выказаў сваё асабістае меркаванне, а замежная палітыка з’яўляецца цалкам прэрагатывай прэзідэнта.

У Бялградзе Уладзімір Пуцін, аднак, развіў свой тэзіс аб недапушчальнасці ваеннай аперацыі заходняй кааліцыі на поўначы Афрыкі:
«Што мы бачым сёння? Наносяць удары па ўсёй тэрыторыі краіны. Як жа можна выбіраць сродкі, якія прыводзяць да павелічэння ахвяраў сярод мірнага насельніцтва? І гэта не можа не выклікаць заклапочанасці».

Экс-пасол — за прэм’ера

Уладзімір Чамаў, які займаў з 2005 па 2008 гады пост пасла ў Іраку, быў раптоўна адпраўлены ў адстаўку ўказам прэзідэнта Расіі ў мінулую суботу.

Прычыны звальнення невядомыя, аднак, па некаторых дадзеных, прэзідэнт Мядзведзеў палічыў, што Чамаў «некампетэнтны і неадэкватна ўяўляў сабе інтарэсы Расіі ў лівійскім канфлікце».

У інтэрв’ю «МК» былы пасол пацвердзіў, што пасля пачатку ваеннай аперацыі НАТО ў Лівіі адправіў афіцыйную тэлеграму ў Маскву, у якой «падкрэсліў, што прадстаўляе ў Лівіі інтарэсы Расіі», а таксама тое, што ў выніку пачатку аперацыі расійскія кампаніі «маглі страціць і ўжо страцілі» вельмі выгадныя кантракты на дзясяткі млрд еўра».

Па словах Чамава, гэта «ў пэўным сэнсе можна лічыць здрадай інтарэсам Расіі». Расія не стала накладваць вета на рэзалюцыю Рады бяспекі ААН, якая фактычна дазволіла пачатак аперацыі.

Каментуючы заяву Пуціна аб «крыжовым паходзе», Чамаў сказаў, што згодны з ім: «Уладзімір Уладзіміравіч, што мне ў ім асабліва падабаецца, вельмі выразна, каротка і ёміста дае азначэнні. Тут, я думаю, ён ад ісціны недалёкі».

Кансэнсус з Сербіяй

У Сербіі Пуцін сустрэўся з прэзідэнтам краіны Барысам Тадзічам, а таксама сербскім парламентам. Па выніках сустрэч ён адзначыў, што паміж Расіяй і Сербіяй існуе «абсалютна нацыянальны кансэнсус» і што «трэба пашыраць кантакты паміж парламентамі, паміж усімі палітычнымі сіламі, прадстаўленымі ў нашых парламентах».

Барыс Тадзіч, са свайго боку, сказаў Пуціну, што Бялград падтрымлівае Маскву ў спрэчцы з Еўрасаюзам з нагоды прынятага ў 2009 годзе Трэцяга энергапакета, які накладае абмежаванні на доступ кампаній з трэціх краін да энергасетак ЕС і, па словах Пуціна, шкодзіць расійскім кампаніям.

Трэці энергапакет, сказаў расійскі прэм’ер, «будзе наносіць шкоду супрацоўніцтву Расіі ў цэлым і Еўропе ў сферы энергетыкі».

«Я не бачу магчымасці таго, каб Еўрапейскі саюз вырашыў свае энергетычныя [праблемы] без партнёрскіх адносін з Расіяй. У гэтым кантэксце [мы] можам знайсці адказы на ўсе пытанні, звязаныя з Трэцім энергетычным пакетам», — цытуюць расійскія агенцтвы словы прэзідэнта Сербіі Барыса Тадзіча.

Пуцін таксама сказаў, што Расія можа даць Сербіі «пакет у аб’ёме 800 млн даляраў на фінансаванне канкрэтных праектаў».

Узнагарода, футбол і байкеры

Расійскаму прэм’еру таксама было нададзенае званне ганаровага грамадзяніна Косава і Метохіі. Пуцін атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Сербскай праваслаўнай царквы, сустрэўся з мясцовымі байкерамі і разам з імі паглядзеў матч моладзевых каманд — «Зеніта» і «Црвены Звезды».

Уладзімір Пуцін атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Сербскай праваслаўнай царквы, ордэн Святога Савы, з рук патрыярха Ірынея ў самым вялікім храме краіны, храме Святога Савы ў Бялградзе.

У храме працягваецца рэканструкцыя, якую паабяцалі дапамагчы фінансаваць расійскія праваслаўныя суполкі. «Мы працуем з Божай дапамогай і з надзеяй на дапамогу рускіх братоў», — сказаў патрыярх. «Папрацуем над гэтым», — адказаў Пуцін.