На літоўскім узбярэжжы — тоны дохлай рыбы

24.03.2011 / 13:50

Марское ўзбярэжжа ля Смільціне ўсё ўсеянае дробнай дохлай рыбай. «Такога мы яшчэ не бачылі», — жахаюцца спецыялісты.

Ёсць асцярогі, што рыба, якую людзі збіраюць на літоўскім узбярэжжы, можа трапіць на рынак.

З’ява здзівіла не толькі спецыялістаў у галіне прыродааховы. Даследаваць дохлую рыбу паехаў і дырэктар Лабараторыі рыбаводства Шарунас Талюшыс.

«Мы ўзялі ўзоры, паспрабуем высветліць, у чым справа», — сказаў ён.

Рыбу на ўчастку працягласцю больш за кіламетр выявілі іхтыёлагі Марскога музея.

«Балтыйскі шпрот — гэта не тая рыба, якая выкідваецца на бераг. Ніколі яшчэ не было заўважана такога масавага мору рыбы гэтага віду «, — сказаў спецыяліст Марскога музея Рэмігіюс Дайлідэ.

Іхтыёлагаў асабліва здзівіў той факт, што клайпедчане збіралі рыбу ў скрыні і звозілі яе.

23 сакавіка ў другой палове дня супрацоўнікі Клайпедскага аддзялення харчова-ветэрынарнай службы атрымалі інфармацыю аб тым, што рыбу могуць прадаваць на рынках, і яны неадкладна правялі праверку.

«Абавязкова трэба папярэдзіць людзей, каб яны не спрабавалі купляць і ўжываць гэтую рыбу ў ежу. Пакуль незразумела, чаму такая колькасць дохлай рыбы апынулася на беразе», — сказаў прадстаўнік службы Віргініюс Гайлюс.

Талюшыс, агледзеўшы ўзбярэжжа, выказаў некалькі версій экалагічнага няшчасця.

«На маю думку, гэта можа быць рыба з рыбалоўнага трала. З іншага боку, я не выключаю, што шторм, які быў у панядзелак, мог змыць улоў з судна», — сказаў ён.

Іхтыёлагі ж лічаць, што рыба з трала не магла трапіць на ўзбярэжжа.

«Гэтую рыбу ловяць за дзясяткі кіламетраў ад берага. На маю думку, рыба не пашкоджаная. Якім павінен быць трал, каб у яго ўлезла 5 або 10 тон рыбы?» — сказаў Дайлідэ.

На паверхні мора спецыялісты выявілі і жывую рыбу гэтага віду.

«Мяркую, што гэта былі самкі. Адной з версій можа быць і хімічнае атручанне. Або нешта вылілі, або аміякам атруцілі», — выказаў здагадку Дайлідэ.

Талюшыс жа абвяргае версію хімічнага ўздзеяння, бо на ўзбярэжжа выкінула рыбу толькі аднаго выгляду.

Пакуль прычыны гэтай дзіўнай з’явы не высветленыя, няясна і тое, якая са службаў павінная заняцца прывядзеннем узбярэжжа ў парадак.

«Усё будзе тухнуць, і, вядома, будзе забруджанне, узбярэжжа трэба абавязкова прывесці ў парадак», — сказалі спецыялісты.