Пасля вынясення прыгавору Дашкевічу і Лобаву іх прыхільнікі памаліліся за асуджаных каля будынка суда

24.03.2011 / 14:25

Пасля вынясення прыгавору Дашкевічу і Лобаву іх прыхільнікі памаліліся за асуджаных каля будынка суда Маскоўскага раёна Мінска.

У імправізаванай акцыі ўзялі ўдзел каля 30 чалавек, у асноўным сваякі і знаёмыя асуджаных. Яны прачыталі малітву і праспявалі гімн «Магутны Божа», пасля чаго разышліся. За акцыяй назіралі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, але яе правядзенню не перашкаджалі. Пасля заканчэння акцыі ніхто затрыманы не быў.

Лідар міжнароднага грамадскага аб’яднання «Малады фронт» (Чэхія) Дзмітрый Дашкевіч прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, актывіст гэтай арганізацыі Эдуард Лобаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне абвясціла 24 сакавіка суддзя Маскоўскага раёна Мінска Алена Шылько.

29-гадовы Дашкевіч і 22-гадовы Лобаў прызнаныя вінаватымі на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства).