Джамбібум

Джамбібум, 2006, самвыдаў.

«Джамбібум» намагаецца ўзяць і якасьцю, і колькасьцю адначасова.

08.12.2006 / 11:52

Не вядзецеся, нічога супольнага з «Бум-Бам-Літам» гэты праект ня мае. Гэта дэбютны дыск чарговых прадстаўнікоў фольк-мадэрну. Фольк ад «Джамбібум» – чысты, без электронных апрацовак: акустычная гітара, флейта, скрыпка. Музыка крыху афрыканізаваная з дапамогай ударных інструмэнтаў. Асаблівых адкрыцьцяў альбом не нясе, але і не расчароўвае. Годна выканана, як з вакальнага, так і музычнага гледзішча. Рэшта вядомых фольк-стандартаў – такіх, як «Туман ярам» (ці інакш – «За туманам») і «Ружа-кветка», – дапаўняецца ўласнымі імправізацыямі на тэму беларуска-афрыканскай музычнай лучнасьці. Пераважна гучыць «Джамбібум» як «Крыві» ў свае лепшыя часы, голаса Вайцюшкевіча толькі не стае. Гурт можа ўпрыгожыць сваім удзелам як афіцыёзныя мерапрыемствы, кшталту «Гуляй, душа», так і альтэрнатыўныя музычныя фэсты. Ёсьць у іх у меру і ад «Бяседы», і ад «Тройцы». Цікава тое, што гурт Кірчука добра ўпраўляецца ўтрох, а «Джамбібум» намагаецца ўзяць і якасьцю, і колькасьцю адначасова – у праекце больш за дзясятак удзельнікаў. У выніку ў некаторых песьнях ствараецца адмысловы музычны вэрхал, шматгалосьсе і шматгучча. Добра пад такую музыку прачынацца, адразу прыводзіць у працоўную кандыцыю. Рэкамэндуецца для праслухоўваньня ўсім, без узроставых абмежаваньняў.

Сяргей Будкін