Сёньня ўвечары тры вартыя ўвагі імпрэзы

Як пасьпець усюды?

12.12.2006 / 08:49

А 19-й гадзіне ў сядзібе БНФ, што на вуліцы Варвашэні, 8 мае прайсьці пэрфоманс-прэзэнтацыя кнігі «Верым, можам, пераможам», якая апісвае падзеі Сакавіка-2006 не вачыма масьцітых журналістаў або палітыкаў, што трапілі за краты, а вачыма шараговых удзельнікаў Плошчы. Яны раскажуць, як было насамрэч.

Адбудзецца прагляд відэафільму бяз гуку (працягласьць 60 хвілін) пра намётавае мястэчка: як ставілі намёты, як пілі гарбаты, як – самі ведаеце хто – падкідвалі шпрыцы і порначасопісы, як нішчылі мястэчка.

Адначасова, а 19-й, у клюбе «Юла» (вул. Сурганава, 26) пачнецца бэніфэст, прысьвечаны творчасьці Міхала Анемпадыстава. Бяруць удзел Apple Tea, праект Народны альбом, Кася Камоцкая. У адрозьненьне ад першай імпрэзы, тут уваход платны. Праўда, квіткі як дарма – 15 000.

Тэарэтычна можна пасьпець на абедзьве імпрэзы. Завітаўшы на сядзібу БНФ потым трамваем, або машынай, або пешкі па вуліцы Багдановіча дабрацца да клюбу «Юла». Адлегласьць які кілямэтар. Пагатоў на імпрэзу ў сядзібу можна прыйсьці загадзя, а канцэрты ў клюбах звычайна пачынаюцца са спазьненьнем.

Завулак Калініна, 16 знаходзіцца значна далей (тры кварталы на поўнач ад клюбу «Юла»). Тут а 19-й гадзіне ў клюбе «Графіці» пачнецца канцэрт гурта «Крама»

НН