Закруціліся карасі. Лукашэнкаўскія прапагандысты абскарджваюць візавую забарону ў Еўрапейскім судзе
Вадзім Гігін і Аляксей Міхальчанка падаюць пазоў у Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу.
11.04.2011 / 09:50
Лукашэнкаўскія прапагандысты Вадзім Гігін і Аляксей Міхальчанка падаюць пазоў у Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбургу з нагоды ўключэння іх у спісы асобаў, якім забаронены ўезд у краіны ЕС. Пра гэта паведаміла БТ.
Яны ў ліку тых 150 асобаў, якім Еўрасаюз забараніў уезд на сваю тэрыторыю ў знак пратэсту супраць іх дзеянняў.
— Я і мае калегі звярнуліся ў міжнародны суд (ЕСПЧ), так як ніякай віны за сабой не адчуваем, — сказаў рэдактар рупара прэзідэнцкай ідэалагічнай вертыклі «Беларуская думка» Гігін.
Варта адначыць, што Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, грамадзяне якой не могуць абараняць свае правы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека супраць уладаў сваёй краіны. Рэч у тым, што Беларусь як дыктатура застаецца адзінай краінай Еўропы, што не ўваходзіць у Раду Еўропы. Нават грамадзяне Азербайджана і Расіі могуць абараняць свае правы, а беларусы — не. Лукашэнка парваў сувязі з Радай Еўропы, бо гэты кансультатыўны орган не раз крытыкаваў парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку знікненні людзей і забойствы.
Гігін і Міхальчанка асабліва вызначаюцца сваім усхваленнем Лукашэнкі і заклікамі да расправаў над ягонымі праціўнікамі.
Парадокс сітуацыі ў тым, што грамадзянін Беларусі не мае права падаць у Еўрапейскі суд на лукашэнкаўцаў, бо яны не прызнаюць юрысдыкцыі ЕСПЧ, але грамадзянін Беларусі можа падаць у ЕСПЧ на рашэнні еўрапейскіх структур ці ўрадаў, калі ён мяркуе, што тыя парушылі яоныя правы.