Фядута правёў 55 дзён у адзіночнай камеры

Начальнік СІЗА: «Лічыце, што Вы трапілі ў аднамясцовы гатэльны нумар».

11.04.2011 / 10:28

Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, адпушчаны ў пятніцу з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, зазначыў, што з трох з паловай месяцаў у «амерыканцы» 55 дзён ён правёў у адзіночнай камеры.

Прычыны — грып, эпідэмія якога абрынулася на «амерыканку», — распавёў сп. Фядута. «А паколькі я ўразлівы да вірусных захворванняў, то мяне перавялі ў адзіночную камеру, — кажа А.Фядута. — А калі ўсё скончылася, месца ў ранейшай камеры было занята. Насамрэч там была двухмясцовая камера, але я там сядзеў адзін. У выніку я правёў там 55 дзён». Менавіта там сп. Аляксандра і прынялі за маньяка-забойцу.

А.Фядута кажа, што начальнік СІЗА жартаваў: «Лічыце, што вы знаходзіцеся не ў адзіночнай камеры, а ў гатэльным аднамясцовым нумары».

АГ