Шарамет: Забарона толькі павялічыць цікавасць да «БелПартызана»

Менавіта «Хартыя» і «Беларускі партызан», знаходзячыся за межамі краіны, могуць сабе дазволіць найбольш вострыя публікацыі.

11.04.2011 / 11:15

Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі ўнесла сайты Charter97.org і Belaruspartisan.org у спіс абмежаванага доступу. Зараз да іх не будзе прамога доступу з дзяржаўных установаў.

Адпаведную пастанову Генпракуратура вынесла яшчэ 23 сакавіка. Падставай для блакавання непажаданых сайтаў, паводле беларускіх уладаў, з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

«Мы даўно гэтага чакалі, такое рашэнне не стала нечаканасцю ні для нас, ні для нашых чытачоў.
У нас неаднаразова з’яўляліся публікацыі, дзе тлумачыліся альтэрнатыўныя шляхі доступу да сайтаў у выпадку блакавання, у прыватнасці праз проксі-серверы», — заявіў у размове з карэспандэнтам «НН» рэдактар «Беларускага Партызана», Павел Шарамет. На думку журналіста, падобныя абмежаванні сведчаць аб агоніі рэжыму Лукашэнкі і будуць толькі спрыяць развіццю незалежнага сегменту беларускага інтэрнэта:
«Я спакойна стаўлюся да гэтай ідыёцкай забароны. І зняволенне Пачобута, і абмежаванне доступу да сайтаў — гэта ўсё адзін шэраг.
Такія дзеянні толькі ўздымуць цікавасць да нас. Мы будзем актыўна выходзіць у сацыяльныя сеткі, пашыраць поле дзейнасці».

Спадар Шарамет лічыць таксама, што «Хартыя» і «Беларускі партызан» трапілі пад забарону праз сваю вялікую папулярнасць ў Беларусі. «Наш сайт пасля выбараў у месяц мае паўмільёна унікальных наведвальнікаў. Гэта шмат. Натуральна, што ўладам гэта не падабаецца. Пры ўсёй павазе да іншых незалежных рэсурсаў варта зазначыць, што менавіта «Хартыя» і «Беларускі партызан», знаходзячыся за межамі краіны, могуць сабе дазволіць найбольш вострыя публікацыі. Гэта і стала прычынай абмежавання доступу. Мы недасягальныя для беларускіх уладаў і гэта іх найбольш раздражняе», — зазначыў П.Шарамет.

«НН» пакуль не ўдалося атрымаць звязнага каментара ў інтэрнэт-правайдэраў. Усе спробы завяршаліся амаль аднолькава: «У нас няма адказаў на вашы пытанні».

У Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі карэспандэнту «НН» пагадзіліся толькі паведаміць, што гэтая арганізацыі з’яўляецца выканаўцам пастаноў іншых установаў, у тым ліку і Генпракуратуры.

Даведацца колькі зараз сайтаў у «чорным спісе» немагчыма — ён даступны толькі правайдэрам. На сайце Інспекцыі ёсць і адкрыты спіс такіх сайтаў, аднак ён пусты — там няма ніводнага запісу.
«Мы не можам паведаміць вам, да якіх сайтаў абмежаваны доступ, колькі іх, якога характару. Гэта закрытая інфармацыя, прызначаная толькі інтэрнэт-правайдэрам», — паведаміў супрацоўнік ДзІЭ.

Алесь Пілецкі