Пра целік
11.04.2011 / 12:03
Не так даўно было, але снег яшчэ ляжаў. Уключыў я целік, а там старшыня Нацбанка яшчэ з адным на залатых злітках сядзяць.І абвяшчаюць, што ўсё цудоўны, золатавалютныя рэзервы выраслі да жудасных мільярдаў. На заўтра гляджу — чэргі ля абменнікаў. Ну, думаю, гэтыя лохі целік не глядзяць. Пасмяяўся. А праз два дні хацеў дзесяць даляраў купіць з палучкі, а на абменніку аб’ява — валюты часова няма. Я і туды, і сюды — нідзе няма. Трывожна зрабілася. Вечарам целік уключаю — нейкі мужык расказвае, што ў нас усё выдатна, бензін таннейшы, чым у Еўропе, і нафты ў Расіі закупілі недарагой і шмат. Назаўтра спецыяльна паглядзеў — салярка падаражэла і астатні бензін.
На тым тыдні целік уключаю — міністр гандлю выступае: «Цукар і алей даражэць не будуць, у нас іх вялікія запасы». Я ўжо авоську схапіў у краму бегчы, ды глянуў на гадзіннік — позна. Закрытая ўжо. Чуць не заплакаў.
Назаўтра сустракаю суседа, ён апазіцыянерам сябе кліча. Дык звычайна ён з бутэлькай піва ў руцэ ходзіць (ім там выдаюць, пэўна), а тут два пакеты цукру цягне. Я яму — дзе браў? А ён кажа, не мітусіся, размялі ўжо. Пайшоў я расстроены дадому, уключыў целік, а там міністр абароны выступае: «Наш народ шчаслівы, што мае мірнае неба над галавой». Мне стала дрэнна. Што ж яны, гады, задумалі?