Замежныя фільмы па-беларуску? Магчыма!

з пошты рэдакцыі

11.04.2011 / 12:30

Так склалася, што ў беларускіх кінатэатрах паказваюць фільмы з расійскім дубляжом.
І таму беларускамоўны заўжды няўтульна пачуваецца падчас прагляду фільма. Вядома, калі ты валодаеш замежнай мовай, прагляд фільма будзе прыносіць задавальненне, але часам так хочацца паглядзець яго на роднай мове. На шчасце, ёсць яшчэ людзі, якія займаюцца перакладам фільмаў на беларускую мову. Дык хто ж яны такія?
Першапраходцам лічыцца творчая ініцыятыва «Беларускі Гальфстрым».
Праект распачаўся ў снежні 2005 года, і першым фільмам стала брытанска-амерыканская калядная камедыя «Любоў насамрэч» (Love actually). У агучванні ўзялі ўдзел як прафесійныя акторы — Анатоль Шурпін, Юры Баранаў, Вераніка Пашкевіч, — так і палітык Аляксей Янукевіч. Адзін з заснавальнікаў ініцыятывы Франак Вячорка зазначыў, што «Беларускі Гальфстрым» паўстаў ва ўмовах, калі дзяржаўны кінапракат фінансуе пераклады замежных фільмаў толькі на расійскую мову, і таму новы праект цалкам грамадскі.

Спробы перакладаў фільмаў на беларускую мову былі і раней. Так, у 2002 — 2003 прыватная фірма «Сотвар» выпусціла шэраг мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў. Паводле Сяргея Патаранскага, новая творчая ініцыятыва «Беларускі Гальфстрым» паспрабуе выйсці на якасна новы ўзровень: «Заахвочвацца да гэтага праекту будуць рэжысёры, акторы, я спадзяюся, у будучым і музыкі. Бо шырокі кантэкст мастацкага поля моладзевай культуры цяпер неабходны як паветра нашаму грамадству». Сяргей Патаранскі падкрэсліў, што да ініцыятывы будзе запрашацца найперш маладое пакаленне творцаў, якім у сучасных беларускіх рэаліях складана рэалізоўваць свае задумы.

Творчая ініцыятыва «Беларускі Гальфстрым» працягнула сваю дзейнасць і выпусціла другі фільм па-беларуску — «Нож у сэрца», пераклад якога быў прафінансаваны шведскім пасольствам. Гэта фільм шведскага рэжысёра, серыял у чатырох эпізодах пра эмігрантаў з розных краін, якія жывуць у Швецыі. На гэтым пераклады не скончыліся.

Летам 2006 года з’яўляецца фільм «Шрэк-2» які быў перакладзены Вольгай Калацкай і Змітром Саўкам.
У агучцы ўзялі ўдзел Аляксандр Памідораў, Руся (гурт «Індыга»), Юрый Жыгамонт. Гэта быў не проста пераклад, бо стваральнікі ўнеслі ў яго свае так званыя «фішкі». Напрыклад, калі Шрэк прачынаецца ў доме бацькоў Фіоны пасля папойкі, на пытанне: «Я вас не патурбаваў?» ён спужана адказвае: «Не-не, я проста чытаў гісторыю Беларусі!». Працаўнікі фабрыкі скардзіліся Шрэку не на прафсаюзы, а на кантрактную сістэму. Такіх жартаў было шмат, і яны арганічна ўпісваліся ў мульцік.
Праз год выходзіць дубляваны фільм «Крымінальнае чытво».
У агучцы ўзялі ўдзел Аляксандр Памідораў, Лявон і Ганна Вольскія, Піт Паўлаў, Аляксей Янукевіч. Пераклад зрабіў Макс Шчур, а рэдактарамі выступілі Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка і Пятро Садоўскі. Многім было цікава, як перакладуць лаянкі (у карціне рэкордную колькасць разоў — 271 — ужываецца слова «fuck»). Франак Вячорка адразу сказаў, што беларуская мова — не толькі вясковая ці толькі інтэлектуальная. Яна — моладзевая, і «мы хацелі даць беларускія словы і бамжу, і гопніку». Аляксандр Памідораў паскардзіўся, што лаянкі — маркетынгавы ход, а беларускія прыказкі й прымаўкі амерыканскаму фільму болей пасуюць.
Пасля нядоўгага перапынку «Беларускі Гальфстрым» вырашыў узяцца за сур’ёзны фільм. Ім стаў «В значыць Вендэта» — экранізацыя знакамітай антыўтопіі, графічнага рамана Алана Мура.
Дзеянне фільма адбываецца прыблізна ў 2038 годзе, калі Брытаніяй, паводле сцэнару, кіруе таталітарны рэжым. Сюжэт фільма пабудаваны на гісторыі аднаго тэрарыста, які вярнуў людзям свабоду. Але ідэя больш шырокая. Яна выяўляецца ў гісторыі дзяўчыны, што пазбаўляецца страху, у якім жыла. Адзін са слоганаў карціны гучыць актуальна: «Людзі не павінны баяцца сваіх урадаў, урады павінны баяцца сваіх людзей». Менавіта такі адкрыты палітычны змест карціны і стаў падставай, — падкрэслівае каардынатар творчага аб’яднання «Беларускі Гальфстрым» Франак Вячорка, — для дублявання яе на беларускую мову: «Раней мы дублявалі фільмы дзеля забавы. Гэтым разам мы выбралі для дубляжу фільм „В значыць Вендэта“, каб прачысціць мазгі беларусам і абудзіць у іх сумленне».

Гэта быў апошні фільм, які быў перакладзены творчай ініцыятывай «Беларускі Гальфстрым». Праз тое, што іх дзейнасць не была ліцэнзаваная, арганізатары вымушаныя былі спыніцца. Фільмы распаўсюджваліся праз інтэрнэт і сяброў.

Але нягледзячы на знікненне «Беларускага Гальфстрыма», пачынаюць з’яўляцца новыя ініцыятывы, якія спрабуюць займацца перакладамі.

Група энтузіястаў з лінгвістычнага ўніверсітэта і сёння спрабуе перакладаць замежныя фільмы на беларускую мову.
Зразумела што студэнты МДЛУ ведаюць замежныя мовы і могуць глядзець фільмы ў арыгінале, але ім захацелася сваёй, роднай мовы.

Усё пачалося ў 2010 годзе з ініцыятывы студэнта гістфака Віталя Быля перакласці фільм «Форэст Гамп» на беларускую мову. Пытанні з тэхнічным бокам дапамагаў вырашаць Андрэй Кім. Фільмы перакладаліся не адным чалавекам, а камандай: «Мы хацелі зрабіць канкрэтны прадукт і даволі хутка, у нас працавалі каманды, мы дзялілі фільм на тытры і старонкі і даручалі кожнаму перакладаць сваю частку, быў вызначаны тэрмін. Прыезд вандроўніцы Джасцін з Амерыкі, дапамог удасканаліць наш пераклад», — кажа адна з арганізатараў перакладаў фільмаў, Анастасія Кухарэнка. Паводле яе словаў, студэнты лінгвістычнага спрабуюць супрацоўнічаць з ТБМ, дзе ідзе працэс стварэння Рады перакладчыкаў фільмаў. Сёння ідзе праца над перакладам нямога кіно. Гэта фільмы Чапліна, і ўжо перакладзена 10 штук. Цяпер яны агучваюцца.

Студэнтамі лінгвістычнага былі перакладзеныя «Форэст Гамп», «Нябачны бок» і фільмы Чапліна.

Наступным фільмам, які будзе перакладзены, стане французская стужка «Ангел, А». Хочацца перакладаць такое кіно, якое не надакучыла. Арт-хаўс — гэта, канечне, добра, але нам хочацца перакладаць фільмы для масавага гледача»,
 — зазначае Анастасія Кухарэнка.

Калі вы валодаеце адной з замежных моваў і жадаеце далучыцца да перакладчыкаў, то званіце +375298425789 (Наста).

Зміцер Суліменка