Мінфін пералічыў МЗС 500 тысяч даляраў для аказання гуманітарнай дапамогі Японіі
11.04.2011 / 14:00
Міністэрства фінансаў пералічыла МЗС Беларусі 500 тыс. даляраў для аказання гуманітарнай дапамогі Японіі, паведамілі ўпрэс-службе Мінфіна.
Пералічэнне ажыццёўлена 9 красавіка ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў № 425 ад 1 красавіка 2011 года. Грошы выдзелены са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на фінансаванне расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі.
Нагадаем, беларускі Чырвоны Крыж раней адкрыў спецыяльны рахунак для пералічэння сродкаў на дапамогу Японіі. Паводле звестак арганізацыі, на раніцу 6 красавіка было сабрана больш як 113,3 млн. рублёў ад індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб. Усе грашовыя ахвяраванні будуць перададзены японскаму Чырвонаму Крыжу. Дапамога ў выглядзе маёмасці не прымаецца ў сувязі з цяжкасцю дастаўкі, зазначылі ў грамадскай арганізацыі.