Збіццё Уладзіміра Някляева будзе расследавацца ў рамках іншай крымінальнай справы

11.04.2011 / 14:01

Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў разам з адвакатам Уладзімірам Букштынавым скончылі знаёмства з крымінальнай справай. Уся крымінальная справа складаецца з 29 тамоў. «Гэта крымінальная справа — адна на ўсіх абвінавачаных», — сказаў адвакат сайту кампаніі «Гавары праўду».

Адвакат падкрэсліў, што ў рамках гэтай крымінальнай справы збіццё кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева вечарам 19 снежня 2010 года не расследавана. «Не, у рамках гэтай крымінальнай справы не расследавана. Але збіццё Някляева будзе расследавана ў рамках іншай крымінальнай справы. Працэсуальнае рашэнне па гэтым пытанні яшчэ не прынятае», — падкрэсліў Уладзімір Букштынаў.

Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты неўстаноўленымі спецслужбамі ў Мінску ўвечары 19 снежня і дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі, адкуль той жа ноччу яго выкралі сямёра невядомых. Пазней палітык «знайшоўся» ў СІЗА КДБ.

Уладзімір Някляеў быў затрыманы па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Аднак 30 сакавіка следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама прад’явіла Уладзіміру Някляеву новае абвінавачванне па арт.342 КК Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Уладзімір Някляеў яшчэ не абмяркоўваў з адвакатамі стратэгію далейшых дзеянняў. Пакуль яшчэ не вызначыліся, ці варта абскардзіць пэўныя моманты крымінальнай справы.

У бліжэйшыя дні, як мяркуе адвакат, крымінальная справа можа быць накіраваная ў пракуратуру.