БРСМ дапамог раскрыцца тэрарысту?

22.04.2011 / 10:10

Адкрыццё Аляксандра Лукашэнкі, што сярод затрыманых па справе аб тэракце ёсць сябра Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, атрымала вельмі своеасаблівае развіццё.

У БЕЛТА, мяркуючы па ўсім, працуюць людзі з выдатным пачуццём гумару. Таму ўрадавае агенцтва папрасіла пракаментаваць прэзідэнцкае пасланне (так бы мовіць, «з боку моладзі») першага сакратара Віцебскага (!!!) гарадскога камітэта БРСМ Людмілу Кляменчанка.

У сваю чаргу, гэтая дзяўчына, высока ацаніўшы зварот кіраўніка дзяржавы, на закуску выдала ашаламляльную фразу:

«У нашую моладзевую арганізацыю прыходзяць творчыя маладыя людзі, кожны з якіх мае лідарскія якасцямі, таму нашая задача — дапамагчы ім максімальна раскрыцца, самавызначыцца, а галоўнае — стаць Чалавекам з вялікай літары».

Гучыць забойна — у кантэксце таго, што адзін з затрыманых, зыходзячы з заяваў Лукашэнкі, з’яўляецца сябрам віцебскага БРСМ.

Можа, праваахоўным органам варта больш уважліва прыгледзецца да гэтай моладзевай арганізацыі? Пакуль яна не дапамагла «раскрыцца» і «самавызначыцца» каму-небудзь яшчэ…