«Майстар і Маргарыта» Юрыя Кары

Прэм’ера таямнічага фільму праз 17 гадоў.

27.04.2011 / 01:05

Майстар і Маргарыта (Мастер и Маргарита)

Расея, 1994, каляровы, 113 хв.

Рэжысёр: Юры Кара

Ролі выконваюць: Віктар Ракаў, Анастасія Вярцінская, Валянцін Гафт, Мікалай Бурляеў, Міхаіл Ульянаў, Сяргей Гармаш, Аляксандр Філіпенка, Леанід Кураўлёў, Леў Дураў, Сяргей Ніканенка, Уладзімір Сцяклоў

Жанр: Містыка-сатырычная драма паводле аднайменнага раману Міхаіла Булгакава

Адзнака: 7 (з 10)

«Майстар і Маргарыта» Юрыя Кары быў адным з сама загадкавых фільмаў. Калі ў 1994 годзе стужка паводле «праклятага раману» была знятая, то адразу знікла ў сейфах прадусараў — і ніхто карціну не бачыў. Потым

было заяўлена, што фільм згублены.
А калі ён усё ж такі адшукаўся, прэтэнзіі вылучыў нашчадак Булгакава, які не хацеў выпускаць фільм на экран. Але праз 17 гадоў пасля пастаноўкі — прэм’ера ўвязненай стужкі.

Гледачы, якія прызвычаіліся да галівудскіх эфектаў, здзіўлены стрыманасцю фантазій: кот Бегемот — актор Віктар Паўлаў у грыме. Замест шкілетаў, што абрастаюць скурай і фракам на баляванні ў Воланда — Гітлер, Сталін і Пётр Першы пры поўным парадзе. А палёт Маргарыты пад музыку Вагнэра — нахабная архаічнасць.

Але

ў фільме — цудоўная атмасфера часу:
Масквы 30-ых гадоў — і кінатэхнікі 90-ых, калі акторскае майстэрства яшчэ не стала рэкламнай паўзай. Узвінчаная музыка Шнітке дадае абертаноў. Яшчэ важней, Кара тактоўна сцішыў некананічнасць ерусалімскіх эпізодаў (не ў апошнюю чаргу, дзякуючы Мікалаю Бурляеву, які сыграў Ешуа і Міхаілу Ульянаву — Понцію Пілату).

На гэтым тле зло выявілася такім, якім яно ёсць: крыклівым, фальшывым і мітуслівым. Ліхаманкава-дробязны Кароўеў (Аляксандр Філіпенка), няшчасны Леанід Кураўлёў, якога прымушаюць здаваць валюту (гамерычны рогат у залі), Гафт — Воланд, за тэатральнымі жэстамі якога хаваецца няўпэўненасць. А раскрытыкаваная істэрычна-юрлівая Анастасія Вярцінская ў амаль эсэсаўскіх шатах — ідэальная Маргарыта.

Стужка Юрыя Кары — каштоўны рарытэт, да якога час дадае новыя сэнсы.