Еўракамісія: Лукашэнка не абраны прэзідэнт — такім не адказваюць

«Мы не прызнаем яго дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. У ЕК няма практыкі каментаваць заявы звычайных грамадзянаў».

26.04.2011 / 23:27

Еўрапейская камісія не мае намеру каментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі на адрас прэзідэнта ЕК Жазэ Мануэла Барозу.
«Мы не прызнаем яго дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. У ЕК няма практыкі каментаваць заявы звычайных грамадзянаў», — сказала ў аўторак у Брусэлі агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» крыніца ў Еўрапейскай камісіі.

Акрамя таго, суразмоўца агенцтва таксама заявіў, што інфармацыя пра нібыта ўмову, вылучаную Ж. М. Барозу ўдзельнічаць у Чарнобыльскім саміце выключна ў выпадку адсутнасці А. Лукашэнкі, не адпавядае рэчаіснасці. «Такая ўмова ніколі не вылучалася. Не зразумела, каму выгадна тыражаваць хлуслівую інфармацыю», — сказала крыніца.

Афіцыйны прадстаўнік ЕК Аліўе Балі пацвердзіў агенцтву пазіцыю Еўракамісіі не каментаваць заяву А. Лукашэнкі.

СГ