Мілер і Сямашка абмеркавалі пытанні цаны на расійскі газ

18.05.2011 / 09:32

Вынікі працы ААТ «Газпром» і ААТ «Белтрансгаз» у асенне-зімовы перыяд 2010–2011 гадоў падведзеныя 17 мая ў Маскве на рабочай сустрэчы старшыні праўлення расійскага холдынгу Аляксея Мілера і першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі.

Паводле звестак прэс-службы «Газпрома», на сустрэчы была нададзена ўвага пытанням паставак расійскага газу ў Беларусь пачынаючы з 2012 года. «У прыватнасці, гаворка ішла пра цэнаўтварэнне на газ», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

31 снежня 2006 года «Газпром» і «Белтрансгаз» падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт газу ў 2007–2011 гадах. Дакументам была вызначана формула цаны з 1 студзеня 2008 года (адпаведная формуле цаны пры пастаўках расійскага газу ў Еўропу), а таксама паніжаючыя каэфіцыенты цаны на 2008–2010 гады (0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна).

У 2011 годзе бакі павінны падрыхтаваць кантракт аб фарміраванні цаны на газ для Беларусі ў 2012–2014 гадах з улікам паэтапнага выхаду Расіі на роўнадаходныя цэны на газ да 1 студзеня 2015 года.