Адмоўнае сальда перавысіла 2,3 млрд даляраў

18.05.2011 / 09:34

У студзені-сакавіку 2011 года сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склалася адмоўнае ў памеры 2 млрд. 354,5 млн. даляраў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт са спасылкай на Нацбанк. За першы квартал 2010 года гэты паказчык складаў мінус 710 млн. даляраў.

Аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 20 млрд. 199,3 даляраў, што на 52,4% больш, чым у студзені-сакавіку 2010 года, у тым ліку экспарт — 8 млрд. 922,4 млн. (на 41,9% больш), імпарт — 11 млрд. 276,9 млн. (на 61,8% больш).

Паводле метадалогіі гандлёвага балансу, якая ўлічвае даныя Дзяржаўнага мытнага камітэта, у студзені-сакавіку 2011 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі сфарміравалася ў памеры 3 млрд. 31,3 млн. даляраў (у студзені-сакавіку 2010 года — мінус 1 млрд. 209 млн.).

Асноўнымі крыніцамі фарміравання адмоўнага сальда за студзень-сакавік 2011 года сталі экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя). Экспарт прамежкавых тавараў склаў 5 млрд. 309,5 млн. даляраў, павялічыўшыся на 56,7%, імпарт — 7 млрд. 975,5 млн. (на 66,1% больш).

На энергетычныя тавары прыпадала 46,5% вартаснага аб’ёму экспарту і 53,2% імпарту прамежкавых тавараў. На знешні рынак іх пастаўлена на 2 млрд. 471,1 даляраў, што ў 1,9 разу больш, чым у студзені-сакавіку 2010 года. Імпарт энергетычных тавараў склаў 4 млрд. 240,4 млн. даляраў, што ў 1,8 разу больш за ўзровень студзеня-сакавіка 2010 года. Сальда знешняга гандлю энерганосьбітамі склалася адмоўнае ў аб’ёме 1 млрд. 769,3 млн. даляраў (у студзені-сакавіку 2010 года — мінус 1 млрд. 56,8 млн.)

Велічыня адмоўнага сальда гандлю спажывецкімі таварамі ў студзені-сакавіку 2011 года дасягнула 418,5 млн. даляраў (у студзені-сакавіку 2010 года — плюс 63,8 млн. даляраў).

Знешні гандаль харчовымі таварамі ў студзені-сакавіку 2011 года характарызаўся станоўчым сальда — 304,4 млн. даляраў. У параўнанні са студзенем-сакавіком 2010 года гэты паказчык знізіўся на 18,3 млн. даляраў.