У Нацыянальным гістарычным музеі прэзентаваны «Апостал» XVI ст.

18.05.2011 / 09:49

17 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі прайшла прэзентацыя рарытэтнага старадрукаванага выдання канца XVI стагоддзя — кнігі «Апостал», надрукаванай пасля 1595 года ў віленскай друкарні Мамонічаў.

Кніга «Апостал», якую толькі ў гэты дзень можна было ўбачыць у Нацыянальным гістарычным музеі, — адна з нешматлікіх на тэрыторыі Беларусі, якія захаваліся ў першародным выглядзе. Рэстаўрацыя выдання стала вынікам рэалізацыі сумеснага праекта музея і ААТ «Белзнешэканамбанк».

«Вельмі важна, што ў Беларусь вяртаюцца гістарычныя каштоўнасці, якія належаць нашаму народу, — адзначыў падчас прэзентацыі міністр культуры Павел Латушка. — Вельмі важна, што гэта чарговы прыклад супрацоўніцтва бізнесу і культуры, чарговы прыклад дапамогі, мецэнацтва ў адносінах да нашай нацыянальнай культуры. Мы спадзяёмся, што змены ў нашай заканадаўчай базе, якія ў апошні час адбываюцца, будуць спрыяць таму, каб бізнесмены, буйныя прадпрыемствы, ахвярадаўцы пералічвалі сродкі на пэўныя культурныя праекты».