Самая здзеклівая навіна

У той час, калі за даляр у беларускіх абменніках просяць ужо 4500 «зайчыкаў», у краіне, як высвятляецца, зацверджаны новы бюджэт пражытачнага мінімуму.

18.05.2011 / 10:00

У той час, калі за даляр у беларускіх абменніках просяць ужо 4500 «зайчыкаў» – і яго яшчэ паспрабуй дачакайся! – а на міжбанкаўскай біржы даюць і ўсе 6000 – у краіне, як высвятляецца, зацверджаны новы бюджэт пражытачнага мінімуму.

У сярэднім на душу насельніцтва ён цяпер складае ажно 343 260 рублёў. Па рэальным курсе – крыху больш за 50 даляраў. Яны яго, бачце, у цэнах сакавіка вылічвалі. Ідзі цяперака, знайдзі гэткія цэны!

Гэта ўжо не пражытачны мінімум, а пахавальны. Труна сёння столькі каштуе. Самая танная. А ў Беларусі ж многія заробкі адштурхоўваюцца менавіта ад гэтага праславутага мінімуму! Вось ужо, і праўда, зусім як у песні: «А если зарплата вам жить не позволит, тогда не живите, никто не неволит».

Такое адчуванне, што там, наверсе, альбо цалкам дэзарыентаваныя адносна рэальнай сітуацыі ў эканоміцы, альбо глядзяць на нас, простых мурашоў, з сумам, і ўздыхаюць: «Ды калі ж вы ўжо нарэшце падохнеце?»

Гэй, расейцы, там хтосьці з вас надта ж ірваўся да Бацькі, у “беларускі рай”? Дык ласкава запрашаем, самы час! Тут якраз цяпер новая гульня пачынаецца – у нацыянальным маштабе. «Застацца ў жывых», называецца. Здаецца, будзе крута.