«У аптэках і арганізацыях аховы здароўя дастаткова лекаў»

Няўжо і на лекі будзе дэфіцыт? Піша Анатоль Сідарэвіч.

18.05.2011 / 10:13

Панове, усё становіцца з ног на галаву: яблыкі каштуюць гэтулькі, колькі апельсіны, і нават даражэй; грэчка — сельгаскультура нібыта айчынная — даражэйшая за чужаземны рыс…

Нас заклікалі «Наперад — да 1990 года!», але так і не выканалі абяцанне ўсіх накарміць, як у тую слаўную эпоху. Так і не дасягнулі беларусы паказчыкаў 1990 года па спажыванні мяса ды іншай смакаты. А тым часам нам паведамляюць (ды й мы самі гэта бачым), што беларусы, асабліва пажылыя, зноў пераходзяць да таннага харачавання: хлеб, бульбачка, кефір… Але падобна на тое, што давядзецца і гэты рацыён абмежаваць, бо 

12 мая ў казённай газеце «Звязда» надрукаваны матэрыял «Каб бульба не стала дэфіцытам». Што, ёсць і такая тэндэнцыя?
І хто яго ведае, ці не будзе наша картопля каштаваць, як польскія яблыкі ці мараканскія апельсіны.

Мы, выхаваныя ў слаўныя часы «кукурузніка» Мікіты і ў не менш слаўныя часы брывастага чатыры разы героя, навучыліся чытаць газеты.

Вось

6 мая газета «Звязда» паведаміла нам: «У аптэках і арганізацыях аховы здароўя дастаткова лекаў». Раз паведамляюць, што ў аптэках і бальніцах лекаў дастаткова… Няўжо і на лекі будзе дэфіцыт?

А ў каго дзеці і ўнукі вучацца ва ўніверсітэтах, трэба адкладваць грошы на вучобу, бо не можа быць такога: цэны тавараў і паслуг растуць, а кошт навучання застаецца нязменны. Вунь і міністр адукакцыі Сяргей Маскевіч нас запэўніў: «Курс долара не паўплывае на кошт навучання студэнтаў-платнікаў» (нумар за 13 мая). Мы, вучаныя горкім досведам, накармленыя абяцанкамі-цацанкамі, здагадваемся, што будзе якраз наадварот.

І калі «Звязда» 6 мая надрукавала паведамленне «Магазіны поўнасцю задавольваюць пакупініцкі попыт», мы зразумелі, што наспявае ці ўжо маецца праблема дэфіцыту.
І вось яно: «Урад Беларусі прыняў меры па насычэнні ўнутранага рынку спажывецкімі таварамі». Інфармацыя таксама змешчана на першай паласе «Звязды», толькі праз 8 дзён — 14 мая.
Ведама, не «Звязда» нас хоча надурыць. Яна друкуе тое, што прыдумалі «стратэгі» на чале з «архістрацігам» з чырвонага дома на вуліцы Карла Маркса.
Тыя самыя «стратэгі», што вось ужо 16 год аніяк не могуць даць рады эканоміцы.

Яны ўсё хочуць «накарміць народ», і не даюць народу самому карміць сябе.

Анатоль Сідарэвіч