Каля Адміністрацыі Лукашэнкі затрымалі геяў

18.05.2011 / 10:20

Затрыманыя недалёка ад Адміністрацыі прэзідэнта актывісты ЛГБТ-руху адпушчаныя з міліцыі без складання пратаколаў, паведаміў БелаПАН адзін з лідараў руху ў Беларусі Сяргей Андросенка.

Паводле яго слоў, ва УУС Ленінскага раёна Мінска было дастаўлена 15 удзельнікаў акцыі, арганізаванай з нагоды Міжнароднага дня процідзеяння гамафобіі і трансфобіі. Сярод іх была цяжарная жанчына.

Як адзначыў Андросенка, міліцыя падчас затрымання ўдзельнікаў акцыі паводзіла сябе карэктна. Некаторых затрымлівалі невядомыя ў цывільным. Забрана каля тысячы паштовак з інфармацыяй аб правах людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.

Акрамя таго, Андросенка адзначыў, што не мае інфармацыі пра тое, хто вывешваў на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў сцягі колераў вясёлкі, якія складаюць сцяг сексуальных меншасцяў. "Магчыма, гэта былі прыхільнікі ЛГБТ-руху, якія не захацелі сябе афішыраваць, але такім чынам адзначылі Міжнародны дзень процідзеяння гамафобіі і трансфобіі", — сказаў Андросенка.

Паводле яго слоў, затрыманыя ўдзельнікі акцыі маюць намер напісаць скаргу ў пракуратуру і на адрас кіраўніцтва Ленінскага РУУС. У прыватнасці, затрыманым не былі растлумачаныя іх правы, некаторых прымусілі прайсці працэдуру дактыласкапіі і інш.