У Брэсце, рэгіёнах раскупляюць прадукты, соль

Разгубленасць людзей набывае гратэскавыя формы.

18.05.2011 / 10:36

Разгубленасць людзей набывае гратэскавыя формы.

Жыхары Брэста ў роспачы: рубель абясцэньваецца. Народ кінуўся ў крамы, каб укласці свае ашчаджэнні хоць у нешта. Мятуць усё, што мае тэрмін прыдатнасці.

З паліц многіх магазінаў знікла нават соль.

На маю заўвагу, што можа гэта часовы дэфіцыт, мой сваяк пенсіянер Васіль з горыччу кінуў: «Памятаем мы іх часовае. Яны часова кантынгент войскаў у ГДР 45 гадоў трымалі».

Можна пасмяяцца, а можна і паплакаць. Грошы яны зараблялі цяжкай працай. А цяпер ізноў дзяржава хоча спосабам інфляцыі і дэвальвацыі іх, фактычна, забраць.

Людзі добра памятаюць, як савецкая ўлада абкрадала людзей раней.

У пачатку 90-х у многіх прапалі ашчаджэнні, якія збіраліся гадамі. У 40-х грошы ў людзей з’ела рабаўніцкая грашовая рэформа. Вось і рэагуюць так, як навучыў жыццёвы вопыт.

Мікола Бугай, Брэст