У судзе Заводскага раёна Мінска пачаўся працэс у дачыненні да актывістаў анархісцкага руху

18.05.2011 / 11:25

У судзе Заводскага раёна Мінска 18 мая пачаўся працэс у дачыненні да чатырох актывістаў беларускага анархісцкага руху.

Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч і Максім Веткін абвінавачваюцца ва ўчыненні шэрагу нападаў на будынкі, падпалаў і іншых злачынстваў.

У прыватнасці, яны абвінавачваюцца ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінуецца шэраг нападаў на іншыя будынкі — закідванне фаерамі сталічнага казіно «Шангры Ла» і будынка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Францкевічу акрамя гэтага выстаўлена абвінавачанне ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама, што кваліфікуецца на падставе ч. 2 арт. 351 КК (камп’ютарны сабатаж).

Усім чатыром пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 12 гадоў.

Справу разглядае суддзя Заводскага суда Мінска Жанна Хвайніцкая.

Ігар Аліневіч быў затрыманы ў Маскве 28 лістапада 2010 года і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ Беларусі. Першапачаткова яго абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) па эпізодах нападу на расійскае пасольства ў ноч з 30 на 31 жніўня 2010 года, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генштаба Узброеных сіл Беларусі 19 верасня 2009 года. Затым абвінавачанне было пашырана: акрамя эпізоду па Генштабе Аліневічу інкрымінуюць напад на казіно «Шангры Ла», на офіс банка «Масква-Мінск» 31 мая 2010 года, на расійскае пасольства 30 жніўня 2010 года і на ЦІП 6 верасня 2010 года. Гэтыя дзеянні кваліфікуюцца паводле ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і чч. 2 і 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) КК.

Мікалай Дзядок знаходзіцца пад вартай з 3 верасня 2010 года. 1 кастрычніка яму выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў акцыі каля Генштаба на падставе ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства, учыненае групай асоб). 15 лютага 2010 года Дзядку было выстаўлена новае абвінавачанне: у нападах на казіно «Шангры Ла» і на будынак Федэрацыі прафсаюзаў.

Аляксандр Францкевіч знаходзіцца пад вартай з 3 верасня 2010 года. 20 верасня яму выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 339 КК за тое, што ён здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. 14 лютага яму выставілі новае абвінавачанне — удзел у акцыі каля Генштаба (ч. 2 арт. 339 КК).

Максім Веткін абвінавачваецца ў нападзе на расійскае пасольства і аддзяленне «Беларусбанка» ў Мінску, што кваліфікуецца паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 3 арт. 218 КК.