Свінні вываліліся з мікрааўтобуса

18.05.2011 / 11:39

13 мая на перакрыжаванні Вялікага Гасцінца і вуліцы Віленскай ў Маладзечне каля 13 гадзін з мікрааўтобуса «Фіят-Дуката» вывалілася трое свіней.

— У мікрааўтобусе, які перавозіў жывёлін, раптам выпадкова адкрыліся заднія дзверы, і тры з іх аказаліся на праезнай частцы, — расказаў інспектар дарожна-паставой службы райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч.

Па словах інспектара, свінні былі вялікія, яны засталіся жывыя і, вываліўшыся з машыны, проста сядзелі на асфальце. З машын, якія праязджалі міма, утварыўся затор. Сітуацыю з дарожным рухам вырашалі работнікі дзяржаўтаінспекцыі. Яны тэрмінова выехалі на месца здарэння.

Пагрузіць жывёлін назад у мікрааўтобус вадзіцелю «Фіята» дапамаглі рабочыя, што рыхтуюць горад да «Дажынак». Па меркаванні Дзмітрыя Стасюлевіча, свіней перавозілі гандляры мясам, якія працуюць на харчовым рынку.