Стаўка рэфінансавання павялічана да 14% гадавых

18.05.2011 / 11:52

Cтаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка 18 мая павышана на 1 працэнтны пункт да 14% гадавых. Адпаведная пастанова прынята праўленнем галоўнай банкаўскай установы краіны 11 мая.

Як растлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, гэта рашэнне прынята «з улікам значнага росту спажывецкіх цэн у Беларусі сёлета».

У Нацбанку разлічваюць, што павышэнне ўзроўню стаўкі рэфінансавання, а адпаведна, і працэнтнай стаўкі па ўкладах «узмоцніць абарону рублёвых дэпазітаў ад абясцэньвання, павялічыць іх даходнасць, а таксама будзе садзейнічаць стымуляванню прытоку грашовых сродкаў у банкі».

Гэта трэцяе павышэнне стаўкі рэфінансавання з пачатку года.

Папярэдні раз яна павышалася 16 сакавіка — на 1,5 працэнтнага пункта (з 10,5 да 12%), а затым 20 красавіка — на 1% да 13% гадавых.

19 красавіка першы намеснік кіраўніка Нацбанка Мікалай Лузгін заявіў, што ўзровень стаўкі будзе фарміравацца не толькі з улікам фактычных, але і чаканых тэмпаў інфляцыі.

Стаўка рэфінансавання з’яўляецца інструментам грашова-крэдытнага рэгулявання, з дапамогай якога Нацбанк уздзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі па дэпазітах юрыдычных і фізічных асоб і крэдытах, што выдаюцца ім крэдытнымі арганізацыямі.

Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год прадугледжана зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8–10% гадавых.

У 2010 годзе стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжалася шэсць разоў (у лютым, красавіку, маі, ліпені, жніўні, верасні). 15 верасня мінулага года яна была ўстаноўлена на ўзроўні 10,5%.