Прызыў на службу ў рэзерве сёлета не прадугледжаны

19.05.2011 / 09:54

У Беларусі пачынаецца чарговая кампанія па прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу.

Яна арганізавана ў адпаведнасці з указам прэзідэнта № 200 ад 18 мая «Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы па прызыве, і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу ў маі-ліпені 2011 г.».

Упершыню за апошнія як мінімум пяць гадоў у тэксце ўказа, размешчаным на сайце кіраўніка дзяржавы, нічога не гаворыцца аб прызыве на службу ў рэзерве, які праводзіўся кожнае лета.
У апошнія гады на такую службу накіроўвалася ад дзвюх да трох тысяч чалавек.

У адпаведнасці з указам прэзідэнта на тэрміновую ваенную службу будуць прызваныя грамадзяне Беларусі мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзяне прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку.

Маладое папаўненне павінна быць накіравана ва Узброеныя сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні краіны да 1 жніўня 2011 года.

Указам вызначана, што пацярпелыя ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС грамадзяне, прызваныя на тэрміновую ваенную службу, накіроўваюцца ў воінскія часці і фарміраванні, якія не знаходзяцца на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях, і прызначаюцца на воінскія пасады, не звязаныя з работамі па эксплуатацыі крыніц іянізуючага выпраменьвання, звышвысокіх частот і працамі з кампанентамі ракетнага паліва.

Беларускай чыгунцы даручана забяспечыць па заяўках Міністэрства абароны, іншых дзяржорганаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, перавозку ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы па прызыве, і грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу. Ваенным камісарам на падставе адпаведных рашэнняў раённых (гарадскіх) прызыўных камісій — накіроўваць у органы пракуратуры матэрыялы на грамадзян, якія ўхіліліся ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, для прыцягнення іх да адказнасці.

Інфармацыя пра вынікі прызыву павінна быць прадстаўлена ўрадам прэзідэнту да 20 верасня 2011 года.