ЗША і ЕС абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць Беларусі

Пра гэта заявіў у сераду намеснік дзяржсакратара ЗША у пытаннях Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан.

19.05.2011 / 10:21

Злучаныя Штаты і Еўрасаюз разглядаюць дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта заявіў у сераду намеснік дзяржсакратара ЗША у пытаннях Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан.

«З-за пагаршэння сітуацыі ў Беларусі і турэмнага зняволення экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава мы абмяркоўваем з ЕС магчымасць увядзення дадатковых санкцый у дачыненні да гэтай краіны», — паведаміў Гордан на пасяджэнні Сената ЗША, прысвечаным абмеркаванню амерыканскіх прыярытэтаў у Еўропе.

Ён дадаў, што Вашынгтон лічыць судовыя працэсы ў Беларусі аб масавых беспарадках палітычна матываванымі і заявіў,

што паляпшэнне дачыненняў з афіцыйным Мінскам — немагчымае «ў кантэксце рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і незалежных СМІ».

«І мы, і Еўропа хочам лепшых, больш прадуктыўных дачыненняў з Беларуссю. На жаль, кіраўніцтва гэтай краіны праводзіць палітыку, якая толькі ізалюе Беларусь і яе народ», — падкрэсліў прадстаўнік Дзярждэпа.