Зміцер Бандарэнка можа стаць у турме інвалідам

19.05.2011 / 10:50

«Усё можа скончыцца інваліднай каляскай», — сказала жонка каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Вольга Бандарэнка пасля наведвання мужа ў СІЗА.

«У Змітра 4 грыжы дыскаў хрыбетніка, ушчэмленыя 3 спіннамазгавыя нервы. Тэрмінова патрэбна аперацыя, інакш ён не зможа хадзіць. Усе просьбы даць яму спецыялізаваную дапамогу неўролага ні да чаго не прывялі ні ў СІЗА КДБ, ні тут. У Дзімы літаральна вісіць ступня, і усё можа скончыцца інваліднай каляскай», — паведаміла Вольга Бандарэнка.

Нягледзячы на ​​катастрафічны стан здароўя, палітык не губляе сілы духу. У апошнім лісце жонцы ён напісаў:

«Вядома, усе хацелі б выйсці, аднак, калі выбіраць паміж мінулай балотнай перадвыбарнай сітуацыяй і тым, што дзеецца ў вас цяпер, пакінуў бы цяперашнюю дынаміку. І упэўнены, не толькі я.

Нельга не толькі двойчы ўвайсьці ў адну і тую ж раку, але і ўсё жыццё сядзець у балоце.
Вылазячыя з балота беларусы — відовішча і захапляльнае, і цікавае. Бо, калі адны паднімаюцца, некаторыя апускаюцца.

Вельмі складана таму, хто адзін. А, калі нас шмат і тут, і там, і ўсюды, і беларусы, і рускія, і еўрапейцы, і атлантысты, і ўкраінцы. Як можа ўсё застацца па-старому?! Наперад да зорак!».

Нагадаем, што давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка за ўдзел у акцыі 19 снежня быў прысуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.