Звольненая настаўніца Наталья Ільініч адмовілася ад прапановы працаваць не па спецыяльнасці

23.05.2011 / 15:25

Настаўніца Наталля Ільініч, звольненая з Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, адмовілася ад прапановы раённага аддзела адукацыі працаваць не па спецыяльнасці.

Яна паведаміла, што 19 мая начальнік аддзела адукацыі Пухавіцкага райвыканкама Таццяна Чарнышова прапанавала ёй працу выхавальніка ў адным з дзіцячых садкоў райцэнтра. «Аднак я адмовілася ад гэтай прапановы, паколькі графік працы і неабходнасць траціць на дарогу больш за дзве гадзіны штодзённа не дазваляюць мне захаваць дамашнюю гаспадарку. Ад яе можа было б і пазбавіцца, аднак на зарплату выхавальніка ў 600 тысяч рублёў не пражывеш. Але галоўная прычына адмовы — праца не па спецыяльнасці. А я хачу працаваць у школе па сваёй спецыяльнасці — настаўніка гісторыі. Менавіта па гэтай спецыяльнасці я атрымала адукацыю і 25 гадоў адпрацавала ў школе», — падкрэсліла Ільініч.

***

Настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі Наталля Ільініч была звольненая 27 студзеня дырэктарам школы Наталляй Меркуль. Педагог лічыць, што звальненне звязана з яе актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ільініч з 1985 года працавала ў Талькаўскай школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколлі», даследуе нацыянальна-вызвольнае паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскі фестываль — свята, якое любяць школьнікі і добра ведае грамадскасць. Сярод яе выхаванцаў — філосафы, сацыёлагі, гісторыкі і фалькларысты.

Ільініч з’яўляецца прыхільніцай ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. Брала актыўны ўдзел у шэрагу выбарчых кампаній — збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў і была назіральнікам.

5 студзеня супрацоўнікі КДБ і МУС правялі ў доме настаўніцы вобыск, забралі сярод іншага флэшкарту фотаапарата і сістэмны блок камп’ютара. Праз тыдзень жанчыну звольнілі з працы, нягледзячы на хадайніцтвы старшыні школьнай прафсаюзнай арганізацыі, бацькоў вучняў і выпускнікоў.

Безвыніковымі апынуліся звароты Ільініч да мясцовых уладаў і міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбай аказаць садзеянне ў аднаўленні на працы. У сувязі з гэтым 10 лютага Ільініч падала заяву ў суд. Паколькі 10 сакавіка суддзя Святлана Акуліч не задаволіла іск жанчыны, яна абскардзіла судовае рашэнне ў Мінскім абласным судзе, які 25 красавіка пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі.

Улады Пухавіцкага раёна не дазволіў правесці 15 красавіка ў Мар’інай Горцы пікет салідарнасці са звольненай настаўніцай. 4 мая яна накіравана ліст ва ўпраўленне Камітэта дзяржбяспекі па Мінску і Мінскай вобласці з просьбай вярнуць асабістую маёмасць, канфіскаваную пры вобыску. У рамках акцыі салідарнасці з Ільініч, якая стартавала 1 красавіка, жанчына атрымала 127 грашовых пераводаў ад грамадзян краіны.