Старшыня прафсаюза РЭП хоча сустрэцца з начальнікам КДБ

23.05.2011 / 23:52

Старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч запісаўся на прыём да начальніка ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Прафсаюзны лідар мае намер высветліць сітуацыю з канфіскаванай у пачатку года прафсаюзнай аргтэхнікай і дакументамі.

— Пісьмовыя звароты не дапамагаюць вырашыць праблему, — растлумачыў Генадзь Фядыніч. — Вось я і запісаўся на прыём, каб пры асабістай сустрэчы высветліць, калі нам збіраюцца вяртаць незаконна канфіскаваныя аргтэхніку і прафсаюзныя дакументы. Прайшло тры тыдні, пакуль ніякай рэакцыі няма. Я патэлефанаваў памочніку начальніка, той абяцаў даведацца і ператэлефанаваць.