Піяніст Мікалай Пятроў прыйшоў у прытомнасць, але яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі

У мінскую бальніцу хуткай дапамогі ён трапіў 17 мая

25.05.2011 / 11:56

Расійскі піяніст Мікалай Пятроў, шпіталізаваны з шырокім інсультам, прыйшоў у прытомнасць, паведаміў РІА «Навіны» прадстаўнік рэанімацыйнага аддзялення мінскай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Народны артыст СССР, прэзідэнт Акадэміі расійскага мастацтва Мікалай Пятроў, які прыехаў у Мінск на адкрыццё музычнага форуму «Магія раяля» у Белдзяржфілармоніі, 17 мая быў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і доўгі час знаходзіўся без прытомнасці.

«Пятроў прыйшоў у сябе, але сітуацыя застаецца складанай. Ён працягвае знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні», — сказаў суразмоўца.

Ён удакладніў, што пакуль да музыканта не пускаюць наведнікаў, акрамя блізкіх сваякоў.

«Калі паляпшэнне працягнецца, ён будзе пераведзены з рэанімацыі ў звычайную палату».