Лябедзька: «Дыялог паміж апазіцыяй і ўладай магчымы толькі пасля вызвалення палітвязняў»

25.05.2011 / 12:12

Аб шырокім палітычным дыялогу паміж апазіцыяй і ўладай не можа быць і гаворкі, пакуль у краіне застаюцца палітвязні. Аб гэтым «Народнай Волі» заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, каментуючы прапанову Уладзіміра Някляева правесці дыялог апазіцыі з уладай.

— Іншая справа, што з уладай зараз можна весці перамовы па канкрэтных пытаннях. Напрыклад, Аб’яднаная грамадзянская партыя перадасць ва Урад сваю антыкрызісную праграму. Калі Урад яе не прыме, мы будзем выступаць за яго адстаўку ў поўным складзе. Разумееце, тэмы для дыялога павінны быць канкрэтнымі, а ні размовы «ні пра што і пра нічога».

Такіх тэм зараз я бачу, прынамсі, тры: эканамічная сітуацыя ў краіне і шляхі выйсця з яе, умовы правядзення выбарчых кампаній, з тым каб не паўтарылася тое, што было ў Беларусі 19 снежня мінулага года, і прыпыненне судовага пераследу палітычных апанентаў і незалежных СМІ. Без перамоў па гэтых пытаннях у краіне не ўдасцца зварушыць нічога.

Адзначым, што і Някляеў таксама выступае за хутчэйшае вызваленне палітычных вязняў у Беларусі.