Лукашэнка пра заявы Лаўрова: «Сяджу і слухаю: хто б гаварыў»

У Астане кіраўнік Беларусі наракаў, што на яго «ціск ідзе з усіх бакоў».

25.05.2011 / 17:22

На сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Еўразійскага нацыянальнага універсітэта імя Гумілёва ў Астане Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з ЕС і ЗША «як вядучай дзяржавай свету». Аднак перашкаджаюць пастаянныя патрабаванні дэмакратызацыі. «Мы не можам пасекчы цяперашнюю сістэму нашага канстытуцыйнага ладу на кавалкі і размеркаваць яе паміж групамі па інтарэсах, палітычнымі партыямі і гэтак далей», — казаў Лукашэнка.

Наракаў ён і на Расію, якая апошнім часам таксама загаварыла пра неабходнасць датрымання правоў чалавека ў Беларусі: «Ціск ідзе з усіх бакоў, раптам задэмакратызавалася кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, пачаўся ціск. Ледзь ці не заявы чую Лаўрова аб захаванні ці то правоў чалавека, ці то дэмакратыі. Сяджу і думаю: хто б гаварыў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.