«Тут трэба штосьці рабіць!». Старшыня КДК патрабуе мераў супраць «шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў»

якія сеюць чуткі і паніку сярод людзей.

28.05.2011 / 14:54

На нарадзе з Лукашэнкам у пятніцу старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон адзначыў: «Даволі шмат сустракаючыся ў рэгіёнах з рознымі людзьмі, хачу сказаць, што ўпэўненасць насельніцтва ў стабілізацыі сітуацыі не страчана».

«Сапраўды, у студзені-красавіку бягучага года эканоміка нашай краіны развівалася даволі высокімі тэмпамі. Разам з тым самая галоўная праблема, якая сёння існуе, звязаная з курсам беларускага рубля, на жаль, не вырашана. Дысбаланс замежнага гандлю ў асноўным сфармаваўся за кошт імпарту прамежкавых тавараў. Гэта амаль 90 працэнтаў у агульным аб’ёме адмоўнага сальда. У гэты час дэбіторская запазычанасць толькі за першы квартал бягучага года ўзрасла на $1 млрд. і склала $4,5 млрд., а за чатыры месяцы будзе не меншая за $5 млрд. Гэта тавары, якія пастаўлены на экспарт, але грошы не вярнуліся».

Аляксандр Якабсон таксама звярнуў увагу на дэструктыўныя, дэстабілізуючыя дзеянні шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, якія сеюць чуткі і паніку сярод людзей. «Тут трэба штосьці рабіць!» — паскардзіўся старшыня КДК.