Сёння — апошні званок
30.05.2011 / 12:56
Апошні званок для навучэнцаў ІХ і ХІ класаў беларускіх школ прагучыць 30 і 31 мая.
Як расказаў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно, традыцыйныя ўрачыстыя лінейкі адбудуцца для 94 тыс. 376 навучэнцаў ІХ класаў і 75 тыс. 603 вучняў ХІ класаў.
Паводле слоў намесніка міністра, для выпускнікоў абавязкова арганізуюцца яркія святочныя цырымоніі, на якіх гучаць віншаванні цяперашніх першакласнікаў. На лінейкі прыходзяць бацькі і сябры выпускнікоў. У праграму свята апошняга званка абавязкова ўключаны любімы танец тых, хто развітваецца з дзяцінствам, — школьны вальс.
Для большасці навучэнцаў апошні школьны званок азначае пачатак доўгачаканых канікул. Выпускнікоў жа чакае самы напружаны і адказны этап — экзамены і ўступныя іспыты ў ПТВ, ССНУ і ВНУ, ад вынікаў якіх будзе залежаць далейшы лёс юнакоў і дзяўчат.
Выпускныя вечары для вучняў ХІ класаў рэкамендавана правесці 11–12 чэрвеня.