Афіцэр-кінолаг падазраецца ў згвалтаванні

Выпадкі здарыліся ў Смаргоні.

03.06.2011 / 09:45

Маёр адной з вайсковых частак Гродзенскай вобласці падазраецца ў згвалтаванні і серыі сэксуальных дамаганняў.
Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Як растлумачылі ва УУС, улетку 2010 у Смаргоні невядомы начамі, выкарыстоўваючы падобны да электрашокера прадмет, учыняў хуліганскія дзеянні ў дачыненні да жанчын. Прычым адну з ахвяраў ён згвалціў, а другая падверглася гвалтоўным дзеянням сэксуальнага характару.

Міліцыя мае дадзеныя па пяці эпізодах. У трох з іх ён не дасягнуў сваёй мэты, бо патэнцыйныя ахвяры аказвалі актыўны супраціў.
У міліцыі дадалі, што першай да іх звярнулася непаўнагадовая дзяўчына, у дачыненні якой былі ўчыненыя гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, але ў полавую сувязь мужчына з ёй не ўступаў.

Цяпер ва ўчыненні гэтых злачынстваў падазраецца 36-гадовы начальнік аддзялення кіналагічнага цэнтра — маёр адной з вайсковых частак. Ён затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Крымінальныя справы, першапачаткова распачатыя па арт. 339 «Хуліганства» будуць перакваліфікаваныя з улікам скіраванасці намеру падазраванага.

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі адпрацаваныя каля пяцісот мужчын, якія маглі быць датычныя да злачынства. У выніку міліцыянты выйшлі на след падазраванага, які цалкам прызнаўся ва ўчыненым.

Паводле яго словаў, ён у глыбіні душы затаіў крыўду на жанчын, калі некалькі гадоў таму заспеў сваю жонку з незнаёмцам.