У Гродне поўны сюр: сотні людзей на Плошчы, чырвона-зялёныя сцягі і 3-хвілінныя апладысменты + відэа

Людзі пачалі пляскаць, калі міліцыянт папрасіў у аператара здымачнай групы аднаго са СМІ пашпарт. Апладысменты доўжыліся каля трох хвілін.

22.06.2011 / 23:52

У Гродне Народныя гулянні набылі сюррэалістычнае адценне.

Да 19-й вечара на Савецкай плошчы сабралася ад 500 да 1000 чалавек. Але на трыбуну прывезлі Гродзенскую капэлу. Адны слухалі яе, другія — не.

У натоўпе былі людзі розных узростаў. Асноўная маса - гэта моладзь 22-30 гадоў.

Асноўныя падзеі на плошчы пачалі разгортвацца да 19.30. Пад гукі капэлы людзі пачалі апладзіраваць, калі міліцыянт папрасіў у аператара здымачнай групы аднаго са СМІ пашпарт. Прысутныя абступілі міліцыянта і маладога чалавека. Апладысменты сціхлі пасля таго, як пашпарт вярнулі хлопцу і ён дэманстратыўна падняў камеру.

Апладысменты доўжыліся каля трох хвілін.

Усяго на Савецкай плошчы ў сераду ўвечары было затрымана ці то 11, ці то 12 чалавек.