Фармат 29 чэрвеня для самых смелых: стань у чаргу да аўтазака
«Каб пабачылі, што нас больш, чым у іх аўтазакаў».
27.06.2011 / 20:32
У сацыяльных сетках абмяркоўваецца фармат штотыднёвай акцыі пратэста па серадах. На гэты раз арганізатары мерапрыемства 29 чэрвеня заклікаюць частку ўдзельнікаў стаць у чаргу да аўтазака.
«Як толькі пад’язджае аўтазак (ці міліцэйскі аўтобус) для таго, каб пачаць праводзіць затрыманні, усе, хто не баіцца, выстройвайцеся ў чаргу да гэтага аўтазака. Да пачатку затрыманняў пачынаем пляскаць у далоні і смяяцца. Людзі пабачаць, што страха няма. Дзясяткі тых, хто не баіцца, пакажуць тысячам тым, хто сумняецца, што нас больш, чым у іх аўтазакаў», — пішуць арганізатары ў суполцы ў фэйсбуку.
Падобныя акцыі з чэргамі да аўтазакаў практыкавалі палякі за часамі «Салідарнасці». Цяпер беларусы збіраюцца пераняць гэты досвед.
У мінулую сераду ў Мінску на маўклівую акцыю пратэста сабралася некалькі тысяч чалавек. Таксама мерапрыемствы прайшлі ў сарака гарадах краіны. У Брэсце і Гомелі было да тысячы ўдзельнікаў.
У іншым фармат акцыі 29 чэрвеня не мяняецца. Людзей клічуць проста выходзіць на плошчы і гуляць. Прычапіцца няма да чаго. Ніякіх лозунгаў не прадбачыцца.
Пасля акцыі 22 чэрвеня сваіх прыхільнікаў заклікалі далучыцца да Народных гулянняў і лідары апазіцыі. Анатоль Лябедзька назваў наступную сераду «вырашальнай». «Калі ў наступную сераду выйдзе яшчэ больш людзей, гэта будзе азначаць, што беларусы выціскаюць па кроплі з сябе страх», — сказаў ён.