Дырэктар і галоўны бухгалтар у Маладзечне прысабечылі заробак рабочых

30.06.2011 / 10:17

Дырэктар і галоўны бухгалтар аднаго з адкрытых акцыянерных таварыстваў Маладзечна скралі частку заработнай платы рабочых.

Як паведамілі ў прэс-службе УУС Мінаблвыканкама, дырэктар ААТ у змове са сваёй сястрой — галоўным бухгалтарам таварыства, раней судзімай за крадзеж і растрату, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, выкралі больш за 48 млн. рублёў, спісаўшы грошы шляхам складання фіктыўных плацежных ведамасцяў. Дырэктар і галоўны бухгалтар заключылі дагаворы падрадаў з трыма рабочымі і налічылі кожнаму з іх заработную плату ў памеры ад 12 да 15 млн. рублёў. Як устанавілі супрацоўнікі АБЭЗ Маладзечанскага РАУС,

на рукі рабочыя атрымалі ад 557 тыс. да 1,5 млн. рублёў.
Астатнія грошы, склаўшы фіктыўныя ведамасці і падрабіўшы подпісы рабочых, сваякі выкралі.

У прэс-службе УУС Мінаблвыканкама таксама адзначылі, што ашуканыя рабочыя былі занятыя на ўзвядзенні аб’екта, які не меў праектна-каштарыснай дакументацыі і дазволу на будаўніцтва. У дачыненні да дырэктара і галоўнага бухгалтара распачаты тры крымінальныя справы па ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры).