Моцны вецер пашкодзіў 45 пабудоў у адной з вёсак Баранавіцкага раёна

30.06.2011 / 13:03

Пры праходжанні вечарам 29 чэрвеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 14 метраў у секунду ў Баранавіцкім раёне пацярпела вёска Вялікая Валохва.

Моцны вецер пашкодзіў шыферныя дахі 45 пабудоў — фельдшарска-акушэрскага пункта Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі, а таксама 44 жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Акрамя таго, паваленымі дрэвамі былі пашкоджаны два асабістыя аўтамабілі грамадзян. Чалавечых ахвяр няма.

Цяпер у Вялікай Валохве вядуцца работы па аднаўленні пашкоджаных будынкаў. На месцы здарэння працуе камісія па надзвычайных сітуацыях пры Баранавіцкім райвыканкаме. Удакладняецца сума матэрыяльнага ўрону.