Кіраўнік Мінабароны Эстоніі: У выпадку нападу Расіі мы зможам спыніць яе танкі да падыходу сіл НАТО

07.07.2011 / 09:20

Міністр абароны Эстоніі Март Лаар упэўнены, што сілы абароны краіны ў выпадку ваеннага канфлікту з Расіяй змогуць прыпыніць расійскія танкі да падыходу сіл НАТО.

«Калі Грузія змагла даць рады таму, што расійскія танкі не прайшлі 90-кіламетровы адрэзак паміж Цхінвалі і Тбілісі, то чаму б і Эстоніі гэтаму не даць рады?» — заявіў Лаар у сераду ў інтэрв’ю парталу Delfi.

«Здольнасці нашых сіл абароны, а таксама планы дазваляюць гэта, і адпаведная падрыхтоўка праведзеная. Ужо адно толькі актыўнае выкарыстанне накіраваных зарадаў, загароды на дарогах разам з падрывам мастоў у стане істотна прыпыніць прасоўванне танкаў», — упэўнены міністр.

Паводле яго словаў,

на дапамогу арміі прыйдуць партызаны, падрыхтоўка якіх у Эстоніі ўжо пачалася:
«Магу пацвердзіць, што адпаведная канкрэтная падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў ўжо пачатая. Увесь час трымаю развіццё ў гэтай сферы пад кантролем. Сказаць больш, на жаль, не магу».

Будзе прыцягнута і каля 40 тысяч рэзервістаў, дадаў Лаар.

«Для ажыццяўлення мабілізацыі ў Эстоніі складзеныя канкрэтныя і рэальныя планы, падрыхтоўка праведзеная. Удакладняць я са зразумелых прычынаў не магу. Узбраенне для рэзервістаў ёсць, боепрыпасы — таксама, хоць на гэта ў будучыні плануецца выдаткаваць дадатковы рэсурс», — паведаміў міністр.

Ён таксама сказаў, што, у адрозненне, напрыклад, ад суседняй Латвіі, Эстонія застанецца верная прызыву моладзі на тэрміновую службу.

«Кантрактнай арміі не будзе. Цяперашняе рашэнне Эстоніі, якое базуецца на рэзервовай арміі і тэрміновай службе для стварэння сіл рэальнага адбіцця, усяляк сябе апраўдала, і Эстонія застанецца яму верная», — запэўніў Лаар.