У школах штата Індыяна адмаўляюцца ад навучання пісьму — дзеці абыдуцца клавіятурай

07.07.2011 / 10:51

У школах амерыканскага штата Індыяна з чацвёртага класа не будуць выкладаць пісьмо. Замест гэтага дзяцей збіраюцца зрабіць «спецыялістамі па выкарыстанні кампутарнай клавіятуры».
Адпаведную дырэктыву распрацаваў і накіраваў у мясцовыя ўстановы дэпартамент адукацыі штата, паведамляе часопіс Time.

Новаўвядзенні могуць уступіць у сілу ўжо гэтай восенню. Адміністрацыям школ дазволена самім вырашаць, ці варта працягнуць навучаць дзяцей пісьму або цалкам перайсці на клавіятуру.

Некаторыя бацькі ўжо выказалі незадаволенасць будучымі новаўвядзеннямі, асцерагаючыся, што іх дзеці не змогуць нават паставіць свой подпіс пад дакументамі.

Падлічана, што сярэдняя хуткасць набору англамоўнага тэксту на звычайнай кампутарнай клавіятуры складае каля 200 знакаў за хвіліну. Прафесійная машыністка друкуе з хуткасцю 300 знакаў і вышэйшай. Каб запісаць гаворку, трэба набіраць 450 знакаў у хвіліну, а для канспектавання сходаў і дыспутаў стукаць пальцамі давядзецца яшчэ хутчэй: ад 700 да 900 знакаў за хвіліну.

Залежыць хуткасць набору і ад прылады ўводу — пакуль што з дапамогай віртуальнай клавіятуры смартфонаў і планшэтнікаў і тым больш з дапамогай механічных клавіятураў мабільных тэлефонаў паказваліся нашмат больш сціплыя вынікі.

У пачатку ліпеня быў усталяваны новы рэкорд па наборы ангельскага алфавіту правай рукой на iPad — 5,26 секунды. Рэкардсменам Кнігі Гінэса стаў сын прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. 15-гадовы Эдвард заявіў, што яму не давялося доўга трэніравацца, і паабяцаў у будучыні пабіць гэты рэкорд ужо з выкарыстаннем кітайскага алфавіту.