Відэа зафіксавала бездапаможнасць прэс-афіцэра на акцыі пратэсту
6 ліпеня чалавек у сіняй камізэльцы ні чым не дапамог журналістцы «Салідарнасці».
07.07.2011 / 11:06
6 ліпеня чалавек у сіняй камізэльцы ні чым не дапамог журналістцы «Салідарнасці».
Алена Якжык асвятляла чарговую «маўклівую» акцыю пратэсту каля забаўляльнага цэнтра «Тытан» і ўніверсама «Валгаград». У пэўны момант да пратэстоўцаў выйшаў прэс-афіцэр міліцыі ў сіняй камізэльцы. Ён папярэдзіў людзей пра адказнасць за парушэнне заканадаўства і папрасіў іх разыходзіцца. Журналістам ён параіў знаходзіцца побач з ім, каб пазбегнуць затрымання. Калі пачаўся хапун, невядомыя ў цывільным пацягнулі ў аўтобус і журналістаў: карэспандэнта «Еўрарадыё» Андрэя Елісеева і Алену Якжык. Відэа тэлеканала «Белсат» зафіксавала момант затрымання карэспандэнткі «Салідарнасці». На ім добра бачна, што чалавек у сіняй камізэльцы, за якога рэпарцёрка нават спрабавала ўчапіцца, калі яе пачалі сілай цягнуць у аўтобус, практычна ні чым не дапамог Алене. Пры гэтым яна крычала, што з'яўляецца журналістам.
У аўтобусе Алена працягвала рабіць рэпартаж, фатаграфуючы затрыманых. У РУУС Маскоўскага раёну яна правяла больш за гадзіну. За гэты час паспела перапісаць з дзясятак прозвішчаў затрыманых. У 21.20 яе і супрацоўніка «Еўрарадыё» вызвалілі.