Прышыбееўшчына

Стаяць сабе два старыя, размаўляюць. Аказваецца, гэта непарадак. Піша Анатоль Сідарэвіч.

07.07.2011 / 11:07

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Учора я ўчыніў парушэнне грамадскага парадку.

Сядзеў у Нацыянальнай бібліятэцы, корпаўся ў старых кнігах, вышукаваў звесткі пра людзей старой даты. Без пяці хвілін восем з мінулага вярнуўся да нашае светлае явы.

Выходжу з бібліятэкі, гляджу, а скрай гэтага пляцу дзве групы людзей. Такое ўражанне, што аўтобуса-тралейбуса чакаюць. Толькі велікаватыя групы. І рассечаныя міліцыянтамі.

Я здагадаўся, што гэта за групы, бо ўжо даўно хацеў нараіць арганізатарам рэвалюцыі праз сеткі гэты пляц: яго турнікетам не абнясеш.

Падышоў я да тых групаў. Міліцыянт у свой мацюкальнік гарлае, што мерапрыемства незаконнае.

Гляджу, прыглядаюся:

стаяць сабе людзі, маўчаць, рукамі не махаюць, антыпрэзідэнцкіх лозунгаў не выкрыкваюць, нецэнцзурна не лаюцца.

Якое мерапрыемства, калі табе ані крыку, ані плакатаў, ні транспарантаў?

Гляджу я на тых людзей, выглядаю знаёмыя твары. Ніводнага. Адна моладзь. Думаю: як я, стары, буду выглядаць сярод маладзёнаў? Пакуль я разважаў, знайшоўся адзін знаёмы твар, бо да мяне падышоў малады журналіст С. Перакінуліся параю фраз. Ажно бачу: ідзе Кастусь Цвірка. Ён таксама з бібліятэкі. І павялі мы, двое немаладых, гаворку пра справы выдавецкія, літарацкія.

Стаяць сабе два старыя, размаўляюць. Аказваецца, гэта непарадак.

Падыходзяць хлопцы ў цывільным. Не адзін, аж чацвёра. І іх атаман тыркае мне пад нос ксіву: я з міліцыі. Не стойце тут, ідзіце у метро. І спрабуюць нас пхаць у тым напрамку.

Растлумачыць толкам, чаму двум пажылым мужчынам нельга стаяць на плошчы і размаўляць, яны не могуць: тупое «нельга» — і ўсё.

Мы з Кастусём Аляксеевічам у метро не пайшлі. Збочылі на адну з дарожак. Хлопцы з ведамства слаўнага міністра Куляшова, якія перад тым прыгразілі завезці нас куды трэба, мусіць, зраузмелі ўсю карыкатурнасць сітуацыі і адсталі ад нас.

І куды, каму пажаліцца на гэтую прышыбееўшчыну?

…Калі да прышыбееўшчыны дайшло ўжо ў нацыянальным маштабе, калі і двум нельга стаяць на плошчы ды размаўляць, гэтай краіне сапраўды патрэбная рэвалюцыя.

* * *

Унтэр Прышыбееў — герой аднайменнага апавядання Антона Чэхава, адстаўны унтэр-афіцэр, апантаны маніяй ва ўсё ўмешвацца, усё забараняць і «наводзіць парадак» па сваім разуменні. Вобраз настолькі яскравы, што імя стала агульным.