Гродна. Нататкі сведкі

з пошты Рэдакцыі

07.07.2011 / 11:31

У Гродне, як звычайна, бліжэй да 19.00 пачалі збірацца ля «Ратушнай» і на найбліжэйшых вуліцах. Публіка была самая разнастайная (што было асабліва прыемна). Плошча Савецкая была ачэпленая (турнікеты з 3 ліпеня ніхто не прыбіраў). Калі сабралася дастаткова шмат людзей, пачалі апладзіраваць, і шэсце рушыла па вул. Савецкай (у бок цэнтральнага ўнівермага, побач з якім (заўвага для іншагародніх) знаходзяцца рэзідэнцыі БРСМ, аблвыканкама, гарвыканкама, райвыканкама).

Як і 3 ліпеня, усіх здымалі на камеру (зразумела, што не журналісты). Кіраўніцтва рознага ўзроўню стаяла і моўчкі назірала за тым, што адбываецца. Разам з шэсцем крочылі два міліцыянты, адзін з якіх, неахвотна і без асаблівай надзеі ў голасе, у рупар некалькі разоў папярэдзіў прысутных грамадзян аб незаконнасці іх дзеянняў.

Раптам міма мяне праскочыў (па ходзе руху) малады чалавек з прыладай у вуху, які рэзка скамандаваў: «Працуем-працуем!" І тут, як па камандзе «фас», рэзка пачалі хапаць людзей, якія ішлі па вуліцы. Людзі пачалі абараняць тых, каго хапалі. Тады пачалі хапаць тых, хто абараняў таго, каго хапалі. Сярод удзельнікаў акцыі было шмат мужчын. Я прыемна здзівілася таму факту, што героямі сённяшняга дня былі мужчыны. Ура! У нас ёсць шмат смелых, адважных мужчын, якія не змаглі абыякава глядзець на тое, як хапаюць за валасы дзяўчат або мужчын і жанчын сталага веку, а, не разважаючы, кідаліся іх абараняць. З перасоўнага складу быў задзейнічаны таксама інкасатарскі транспарт, які шнарыў туды-сюды па вуліцах як 3 ліпеня, так і сёння (дарэчы, нумар пазіка, набітага асобамі ў цывільным, які пад'ехаў за кінатэатр «Гродна» у 18.30 перад аблавай 3 ліпеня, — СЕ 7777).

Прыемна здзівіў яшчэ адзін немалаважны факт (у адрозненне ад таго, што адбылося 3 ліпеня): народ упарта не баяўся -- ні маладыя, ні старыя, ні жанчыны, ні падлеткі. Нават калі «бітва» скончылася, народ аднавіў апладысменты. Да ўазіка, які развозіў схопленых людзей, падышоў бясстрашны хлопец з маленькім дзіцем на плячах і, трымаючы адной рукой дзіця за нагу, а другой — фотаапарат, пачаў праз лабавое шкло фатаграфаваць спецслужбістаў, што там сядзелі. Да яго падскочыў адзін з іх і пачаў крычаць: «Прыбяры дзіця! Прыбяры дзіця!», не адважваючыся яго схапіць; і тут спатрэбіліся мы, пажылыя цётачкі, якія падскочылі да героя нашага часу і горада, і пачалі сароміць міліцыянта і выкрыкваць яму ў твар незразумелыя яму словы ў абарону дзіцяці.

У мітусні, праўда, я так і не зразумела, куды падзеўся фотаапарат гэтага гераічнага хлопца. Але, дзякуй Богу, дзіця засталося сядзець на плячах. Аднак хлопчык быў вельмі напалоханы і моцна плакаў. Дзякуй табе, адважны, смелы і высакародны чалавек! Твой сын павінен ганарыцца такім мужным бацькам! І мы таксама ганарымся табой!

Наталля С., Гродна