Пачаўся афіцыйны візіт Мясніковіча ў Азербайджан

07.07.2011 / 11:51

7 ліпеня пачаўся афіцыйны двухдзённы візіт прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча ў Азербайджан.

Гэта першы візіт Мясніковіча ў Азербайджан у статусе кіраўніка ўрада.

Як паведамілі ў прэс-службе Савета міністраў, візіт праходзіць па запрашэнні азербайджанскага боку. Плануюцца сустрэчы Мясніковіча з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым і прэм'ер-міністрам Артурам Расі-задэ. Будзе абмяркоўвацца "шырокае кола актуальных пытанняў двухбаковых адносінаў, уключаючы перспектывы прыцягнення азербайджанскіх інвестыцый у Беларусь, пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы нафтахіміі, вытворчай кааперацыі, архітэктуры і будаўніцтва, навукова-тэхнічнай сферы і сферы адукацыі".

Беларуская дэлегацыя таксама возьме ўдзел у адкрыцці зборачнага цэха камунальнай тэхнікі беларуска-германскай вытворчасці на базе ВА "Гянджынскі аўтамабільны завод".

Па выніках візіту прадугледжана падпісанне шэрагу двухбаковых пагадненняў. Прапрацоўваецца таксама пытанне аб заключэнні кантрактаў на пастаўку ў Азербайджан у другім паўгоддзі 2011 года тэхнікі МАЗ, МТЗ і святлодыёднай тэхнікі беларускай вытворчасці, зазначылі ў прэс-службе Саўміна.