Жэстачайшэ

Гэты прыклад, напэўна, увойдзе ў падручнікі. І не толькі беларускія. Піша Святлана Калінкіна

07.07.2011 / 13:34

Гэты прыклад, напэўна, увойдзе ў падручнікі. І не толькі беларускія.

Каля гіпермаркета «Гіпа» затрымалі жанчыну, якая выходзіла з крамы. «У акцыі ўдзельнічаеце?» — падскочылі да яе маладыя людзі. «Так, — бадзёра адказала дама. — Заўсёды». І ашаломленую жанчыну павалаклі ў аўтазак… А за ёй памчалі, лямантуючы і плачучы, дзеці… Выявілася, што маці сямейства падумала, што з ёй хочуць пагаварыць пра эфектыўнасць акцый распродажаў у гіпермаркеце…

Калі чалавек ідзе ў краму, у бібліятэку, спяшаецца на электрычку або проста выходзіць пасядзець на лавачцы, а яго груба хапаюць нейкія людзі ў цывільным, збіваюць, некуды цягнуць і потым нават судзяць — гэта найлепшая падрыўная праца.

Чалавек і думаць ні пра што рэвалюцыйнае не хацеў, верыў у беларускі парадак; калі на яго раптам накінуліся «бандыты», ён яшчэ крычаў «Міліцыя! Міліцыя! Дапамажыце!» А потым выявілася, што гэтыя «стрыжаныя бандыты» — міліцыя і ёсць…

Шоры з вачэй спадаюць імгненна.

Адсюль пытанне: хто павінен працаваць на рост пратэставых настрояў, каб арганізаваць гэтыя «флэш-мобы», якія так даходліва ўсё тлумачаць?..

Цалкам натуральна, што сёння абмяркоўваюцца дзве версіі такіх неадэкватных дзеянняў праваахоўнікаў. Першая: змова сілавікоў, якія працуюць на максімальнае абвастрэнне сітуацыі, паводле прынцыпу «чым горш — тым лепш». Другая: разгубленасць найвышэйшай улады, тупасць і жаданне выслужыцца ўніз па сілавой вертыкалі. Прычым абедзве версіі маюць права на існаванне і, больш за тое, не выключаюць адна адной.

Ва ўсім гэтым ёсць, праўда, адна дэталь, якую Лукашэнка настойліва намагаецца прышпіліць да таго, што адбываецца.

Ён увесь час спрабуе даказаць, што за акцыямі маўклівага пратэсту стаіць апазіцыя.
Яму вельмі патрэбная гэтая схема: пратэст-апазіцыя-заходніягрошы-сусветнаязакуліса-любымі сродкамі, жэстачайшэ. Як стала зразумела з прызнанняў выпускніка Акадэміі МУС Рамана Кібіка (незалежна ад таго, ён ці не ён распыляў газавы балончык у твар журналістам), іх нацягваюць на такія рэфлексы, на такую нянавісць. Малады міліцыянт упэўнены: прызнанне, што ён ненавідзіць «аппозицию» (так у арыгінале) і гатовы адстрэльваць ногі не такім, як ён, не стане прычынай заключэння аб прафнепрыдатнасці. Наадварот. У іх разуменні гэта «правільная нянавісць», пра якую трэба паведамляць публічна. Яна спрыяе кар’еры. Іх так вучаць.

Але адначасова іх вучаць, што яны за прэзідэнта і за народ.

І вось цяпер яны ўсё яшчэ дзейнічаюць «жэстачайшэ»… Але хапаюць кабетку, якая проста пайшла з дзецьмі ў краму… Скручваюць немаладога мужыка, а ён падае ў іх з рук і б’ецца ў нагах у эпілептычным прыпадку… Ідуць ланцугом на прыстойную цётачку, па ўзросце — бабулю, а яна ў адказ не махае сцягамі; яна узводзіць вочы да неба і пачынае маліцца, быццам пад канец жыцця сустрэла нячыстую сілу… Яны хапаюць людзей з дзіцячымі каляскамі, з роварамі, з сабачкамі…

Яны дэзарыентаваныя. «Ворага» няма.

І Лукашэнку не патрэбныя гэтыя звычайныя бабулі-дзяўчаты ў ізалятарах. Яму трэба, каб на акцыі маўчання выходзілі ворагі, каб арганізоўвала іх апазіцыя. Проста інакш схема — «жэстачайшэ» — працаваць не можа.

Бо калі апазіцыі няма, тады ворагі — народ.
Тады трэба аддаваць загад біць бабулек, дзяўчат, такіх жа хлопцаў, якія не ворагі, а з суседняга пад’езда. Але гэта не тое, чаму вучылі спецназ. Гэта не тое, на што іх нацягваюць. І, між іншым, гэта ганебная прафесійная правіна, за якую адбіраюць крапавы берэт. Прынамсі, так па правілах сапраўдных «крапавікоў» — такіх, як ва Украіне і Расіі. І ўсе яны гэта ведаюць.

«Маўклівыя акцыі» зламалі шматгадовую ідэалагему пра тое, што супраць Лукашэнкі — група купленых ворагамі Беларусі адшчапенцаў. І, можа быць, самае важнае значэнне гэтых акцый — дэманстрацыя таго, што супраць Лукашэнкі не апазіцыя, не мінская інтэлігенцыя, не нацыяналісты і не радыкалы. Самае важнае значэнне гэтых акцый — дэманстрацыя таго, што супраць яго — Беларусь. Ці, прынамсі, значная яе частка. Нікім не купленая, у палітыцы не ўдзельнічае, у прэзідэнты не ірвецца.

Гэта простыя, звычайныя, нармальныя людзі. Якія хочуць жыць у нармальнай краіне. А не ў гэтай дзікасці.

P. S. Што апазіцыі рабіць у гэтай сітуацыі, я, шчыра кажучы, не ведаю. Напэўна, пакуль займацца чымсьці іншым. Напрыклад, раздаваць улёткі на заводах, як гэта спрабуе рабіць АГП.