Ціхары давялі жанчыну да гіпертанічнага крызу

Галіна Ганчарык разам з колішняй сяброўкай Святланай Вяргейчык учора ўвечары збіраліся сустрэцца з унучкай Аняй і яе маладым чалавекам.

07.07.2011 / 13:57

Галіна Ганчарык разам з колішняй сяброўкай Святланай Вяргейчык учора ўвечары збіраліся сустрэцца з унучкай Аняй і яе маладым чалавекам.

Дамовіліся перасекчыся каля палаца чыгуначнікаў. Такія прагулкі жанчыны робяць рэгулярна вось ужо некалькі гадоў. Але гэтым разам ніхто не вярнуўся дадому.

Невядомыя людзі ў цывільным паспрабавалі схапіць Аню, аднак бабулі ўступіліся за ўнучку. Не цырымонячыся, здаровыя жлабы закінулі ў машыну ўсіх жанчын. Цэлы вечар родныя затрыманых жанчын абзвоньвалі міліцэйскія ўстановы, спрабуючы атрымаць хоць якую-небудзь інфармацыю. Дачцэ Галіны Аляксееўны, якая дзяжурыла каля Кастрычніцкага РУУС, ужо ўначы ўдалося ўбачыць, як іх пагрузілі ў аўтазак і павезлі на Акрэсціна.

Ужо ноччу Святлану Вяргейчык з Акрэсціна павезлі ў 9-ю бальніцу з гіпертанічным крызам. Жанчына ў цяжкім стане.

Журналісты здолелі звязацца з са Святланай Вяргейчык у бальніцы. Яна паведаміла, што «разам з Галінай Аляксееўнай Ганчарык сядзела на лавачцы, калі да іх падышла Ганна з яе маладым чалавекам Канстанцінам Мысліцкім. Праз імгненне на маладых людзей накінуліся невядомыя ў цывільным. Ужо ў аддзяленні РУУС Кастрычніцкага раёна адзін з міліцыянтаў ударыў яе локцем у грудзі так, што яна ледзь не страціла прытомнасць. Ёй зрабілася кепска, аднак Святлану, як і іншых затрыманых, перавезлі на Акрэсціна

Палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі рыхтуе зварот у Генеральную пракуратуру па факце сілавога захопу сябраў партыі Галіны Ганчарык, Святланы Вяргейчык, а таксама іншых актывістаў, затрыманых у розных гарадах па ўсёй Беларусі.

***

Потым стала вядома, што Галіну Ганчарык аштрафавалі на 875 тыс. рублёў.