Папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс (дзейнічаюць у серады). Фельетон

08.07.2011 / 10:14

Штрафаваць за мат падчас акцыі маўклівага пратэсту — відавочная недапрацоўка сістэмы. У Кодэкс аб адміністрацыйна-непалітычных правапарушэннях патрабуюцца змены. Няхай нават папраўкі гэтыя дзейнічаюць толькі ў серады…

Раздзел 26

Артыкул 26.1

Нецэнзурнае маўчанне ў грамадскім месцы, абразлівае шпацыраванне ў серады на вачах у грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць чысціню вуліц або спакой грамадзян (маўчызм), — цягнуць за сабой накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 26.2

Цынічная ўсмешка супраціву прадстаўніку ўлады пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў і з мэтай аказання ўплыву на сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне (усмешкавірызм) — цягнуць за сабой накладанне штрафу або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 26.3

Наўмысныя апладысменты ў мэтах дэстабілізацыі грамадскага парадку (апладыментарызм) альбо застрашвання насельніцтва, альбо аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі — цягнуць за сабой накладанне штрафу або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 26.4

Безбілетны праезд пасажыраў ва ўсіх відах аўтазака — цягне накладанне штрафу ў памеры дзвюх дзясятых базавай велічыні з абмежаваннем волі на 15 сутак.

Артыкул 26.5

Абставінамі, што абцяжарваюць адказнасць, прызнаюцца:

Здзяйсненне думказлачынства, якое вылучаецца па сваім змесце выключным цынізмам і выяўляецца ў няправільнай ацэнцы сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, у антыдзяржаўнай надзеі;

злачынствы, здзейсненыя дзве серады запар (злосны серадзізм).